Улады падманулі беспрацоўных: павелічэння дапамогі не будзе


Перадаць неплацежаздольныя прадпрыемствы ў давяральнае кіраванне антыкрызісным кампаніям, а людзям, звольненым у межах рэарганізацыі, павялічыць дапамогу на беспрацоўе да мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Гэтыя крокі Менск абяцаў Еўразійскаму фонду яшчэ летась

За невыкананне названых захадаў ЕФСР на паўгода затрымаў чарговы транш стабілізацыйнага крэдыту памерам $ 300 млн. На гэтым тыдні, аднак, пайшоў на саступкі. Грошы Беларусі выплацілі, а праграму падкарэктавалі.

«Раней існавалі падазрэнні, што крэдыт ЕФСР можа быць палітычна матываваным. Цяпер мы ў гэтым пераканаліся», – тлумачыць апошнія змены эканамічны эксперт Вадзім Іосуб.

Скарачэнне лішніх працаўнікоў і павышэнне ім дзяржаўнай дапамогі да Br 300 Еўразійскі фонд тлумачыў эканамічнаю неабходнасцю. Паводле адмыслоўцаў арганізацыі, плаціць беспрацоўным годную дапамогу выйшла б танней, чым субсідаваць іхную працу на стратных заводах.

Менск пайшоў адваротным шляхам

«Да першага траўня ўсе людзі павінны быць на працы», – загадаў месяц таму кіраўнік Беларусі.

Такі падыход пагаршае стан ня толькі беспрацоўных, якіх, нягледзячы на загады Лукашэнкі, усіх працаўладкаваць няма куды. Цярпяць тыя, хто працуе, бо, каб аплочваць лішнюю занятасць, прадпрыемствы будуць вымушаныя змяншаць заробкі. Дый скарачэнняў у любым разе не пазбегчы.

Ккалі раней крэдыт Еўразійскага фонду стымуляваў Менск да рэфармавання эканомікі, то пасля сакавіцкіх палітычных дамоўленасцяў Лукашэнкі ды Пуціна яго, падобна, проста праядуць, што павысіць пазыковую нагрузку на эканоміку ў наступныя гады.

Станіслаў Івашкевіч, Менск