Улады пачалі зачыстку перад новымі пратэстамі дармаедаў?


Ціск на незалежныя прафсаюзы ўзмацняецца. Следчы камітэт выклікае на допыты актывістаў РЭП па ўсёй краіне. Фармальная нагода крымінальная справа супраць лідара прафсаюза Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка. Але ў прафсаюзе ўпэўненыя – гэта помста за дапамогу грамадзянам у абароне іх правоў.

Пытанні пра колькасць сябраў прафсаюзу і фінансаванне

На мінулым тыдні «Белсат» распавядаў пра выклік у Следчы камітэт гомельскага актывіста РЭП Максіма Ражкова і тое, што цікавіла следчых.

«Я адмовіўся падпісваць падпіску пра неразгалошванне. Яны настойвалі, пагражалі нават, што калі я не падпішу, то мяне могуць пасадзіць», засведчыў тады Максім.

Такія запрашэнні атрымалі каля 150 актывістаў РЭП

Справу супраць прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка распачалі ў жніўні. Іх абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Комлік правёў два месяцы за кратамі ды выйшаў пад падпіску аб нявыездзе. У прафсаюзе справу называюць сфабрыкаванаю і звязваюць з дзейнасцю арганізацыі.

«Толькі ў тым справа, што ў РЭП ёсць структуры ўва ўсіх рэгіёнах. І РЭП адзіная моцная структура, якая на ўсю Беларусь дзейнічае», упэўнены прававы інспектар арганізацыі Юрый Белякоў.

РЭП моцна абараняе правы беспрацоўных

Прафсаюз актыўна выступаў за адмену дэкрэту № 3. Па дапамогу да прафсаюзу звярнуліся сотні беспрацоўных, якія атрымалі гэтак званыя «лісты шчасця».

«Ёсць ужо дэкрэт № 1, які будзе дзейнічаць з 2019 года. Таму ідзе планавая зачыстка зарэгістраваных структураў, каб яны не маглі, маючы досвед, абараняць людзей. А будуць масавыя скаргі ў 2019-м годзе, таму што беспрацоўных будзе болей», тлумачыць праваабаронца Алег Волчак.

Праблемы з інтэрнэтам

З апошнімі зачысткамі Алег звязвае і праблемы з доступам да інтэрнэт-старонкі прафсаюзу, якую ўзламалі невядомыя. На меркаванне праваабаронцы, гэта сістэматычная зачыстка інтэрнэт-прасторы.

«Спачатку зачыняюцца адныя сайты, цяпер зачынілі сайт прафсаюзаў. Я думаю, што гэта не апошняе закрыццё. Зараз прыйшла інфармацыя, што нават акаўнты актывістаў у рэгіёнах зачыняюць у фэйсбуку», даводзіць праваабаронца.

Незалежны прафсаюз не збіраецца здавацца і ўжо скіраваў заяву ў Генеральную пракуратуру пра грубае ўмяшанне ў свае справы з боку Следчага камітэту. Яшчэ адзін спадзеў РЭП ускладае на замежную рэакцыю. Адпаведны зварот прафсаюз скіраваў у Міжнародную арганізацыю працы ды іншыя аб’яднанні.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum