Улады пачалі рыхтавацца да выбараў задушваннем медыяў


Такіх рэпрэсіяў супраць незалежнай прэсы Беларусь не адчувала з выбараў 2001-га года. Сённяшнія ператрусы ды арышты ў БелаПАНе і TUT.BY фактычна сталіся кульмінацыяй таго ціску, што закрануў за апошнія месяцы незалежных блогераў, журналістаў і фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Затрыманні, ператрусы, суды і вялізныя штрафы – гэта не сюжэт з раману-антыўтопіі, а рэальнасць, з якою журналісты «Белсату» сутыкаюцца амаль кожны дзень.

Агулам жа толькі з пачатку гэтага года нашых журналістаў судзілі амаль 70 разоў.

«Акрамя гэтага, выкарыстоўваюцца таксама агідныя метады, як, напрыклад, фэйкавыя кампаніі пераследу ў інтэрнэце, нейкія пасквілі, якія пішуцца на нашых калегаў, у тым ліку як гэта было з нашаю калегаю Ларысаю Шчыраковай з Гомля. Ёй таксама пагражалі забраць дзіця», – кажа першы віцэ-дырэктар Белсату Аляксей Дзікавіцкі.

Пагрозамі, у тым ліку крымінальным пераследам праваахоўнікі не пагрэбавалі і ў дачыненні нашых гарадзенскіх калегаў. Гэтак, правяранне па факце паклёпу і абразы асобы праводзіцца ў дачыненні Алеся Дзянісава ды Аляксея Кайрыса. Пад такое абвінавачанне некалькі тыдняў таму трапіў і берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін, а ў дачыненні папулярнага аўтара відэанавінаў на Youtube-канале NEXTA ужо амаль паўгода вядзецца правяранне па факце нібыта абразы кіраўніка краіны.

«З розных каналаў паступаюць сведчанні, што канал праглядае чынавенства, міліцыя, нават да міністра. І з гэтай прычыны паступаюць і пагрозы, і жаданне сустрэцца», – кажа блогер Сцяпан Святлоў.

Адзіны плюс у гэткай сітуацыі, адзначае блогер, – гэта прапарцыйны з узмацненнем ціску рост падпісантаў каналу, якіх ужо назбіралася амаль 170 тысячаў. Пры гэтым асобныя відэа NEXTA набіраюць ажно да 5 мільёнаў праглядаў.

«Пачалося ўсё з блакавання «Хартыі’97». Улады пабачылі, што аніякіх наступстваў ад гэтага няма, а таму пачалі ціснуць і на блогераў, і на журналістаў «Белсату». Да таго ж была заява Лукашэнкі, які сказаў, што трэба праводзіць і працу ў інтэрнэце. Бо ён зразумеў, што Беларускае тэлебачанне ўсё менш людзей глядзіць і ўсё менш яму давярае», – кажа Сцяпан.

Такога ж меркавання прытрымліваюцца і апытаныя намі менчукі.

Жыхары Менску:

«Не хочуць, каб народ чуў інфармацыю, якая адрозніваецца ад таго, што падаюць дзяржаўныя медыі».

«Паўсюль галеча, пенсіянеры ў галечы. У цэнтральным тэлебачанні паказваюць, што ўсё добра».

«Не хочуць розгаласу нашыя ўлады, напэўна. Ёсць што хаваць».

Прадстаўнікі незалежных медыяў выказваюць здагадку, што сённяшнія падзеі, як і ўвогуле ціск на медыі за апошнія месяцы, звязаныя з рыхтаваннем дзяржавы да нейкай важнай падзеі – напрыклад, выбараў ці магчымага рэферэндуму. Аднак перадусім гэткае запалохванне можа быць звязанае з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне.

«І ў гэтых умовах, калі ёсць крызіс, любая такая нестандартная сітуацыя, крытычная сітуацыя можа зрабіцца выбуховаю для ўладаў. І таму яны працуюць прэвентыўна па тых асяродках, якія распаўсюджваюць інфармацыю, што, на думку ўладаў, непадкантрольныя ім і якія ўлада разглядае як пагрозу», – кажа журналіст Анджэй Пачобут.

Аднак галоўныя пагрозы незалежнай журналістыцы яшчэ наперадзе: ужо 1-га снежня запрацуе новы закон аб медыях. Улады плануюць узяць пад кантроль інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, звесткі карыстальнікаў, забараняць распаўсюджванне асобнай інфармацыі, цэнзураваць і абмяжоўваць.

«Апроч вялізных штрафаў, якія нашыя калегі пастаянна атрымліваюць, згодна з новым заканадаўствам можна будзе канфіскоўваць увесь прыбытак ад працы, бо праца лічыцца незаконнай, і прыбытак лічыцца незаконным», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

Улады ж па-ранейшаму лічаць працу фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, незаконнаю, не зважаючы на гарантаванае Канстытуцыяй права на распаўсюд інфармацыі. Сёлета агульная сума штрафаў нашым калегам за працу без акрэдытацыі склала ўжо 55 тысячаў рублёў – гэтых грошай хапіла б, напрыклад, каб забяспечыць сярэднім месячным заробкам 80 праваахоўнікаў – тых самых, якія гэтак старанна складаюць пратаколы на журналістаў «Белсату».

Віталь Бабін belsat.eu