Аб'ектыў 18.03.2018 Улады не ведаюць, што рабіць з адкідамі акумулятарнага заводу


На сустрэчы з праціўнікамі заводу прадстаўнікі ўладаў запэўнілі, што без вырашэння гэтага пытання завод не пачне працаваць.

У Берасці працягвае набіраць абароты кампанія супраць будаўніцтва патэнцыйна небяспечнага акумулятарнага заводу. Усё больш людзей выходзіць на цэнтральную плошчу гораду «размаўляць і карміць галубоў». Сваёй прысутнасцю грамадзяне прыцягваюць увагу да існай праблемы.

Паводле розных падлікаў, чацвёртая сустрэча неабыякавых грамадзянаў на плошчы Леніна ў Берасці сабрала ад ста пяцідзесяці да двухсот чалавек. Мірныя пратэстоўцы не звяртаюць увагі на мароз, бо на першае месца выходзіць бяспека – іх ды іхных дзяцей.

«Прыйшлі, як і ўсе людзі сюды. У нас агульная праблема, якую абмяркоўваем тут. Вырашаем гэтае пытанне», – дзеляцца з намі жыхары гораду.

Напярэдадні ў Берасцейскім аблвыканкаме пяць гадзінаў працягвалася размова ініцыятыўнай групы і камісіі з Менску, якую стварылі пасля калектыўнага звароту грамадзянаў у Адміністрацыю прэзідэнта. Да звароту далучылі больш як трыццаць сем тысяч подпісаў.

На сустрэчы прадстаўнікі ўладаў, сярод іншага, запэўнівалі, што пакуль не вызначаць, што рабіць з выкідамі, акумулятарнага заводу не ўвядуць у эксплуатацыю. Аднак пытанні, відаць, усё ж засталіся.

«Я думаю, што ў сукупнасці ўсе дзеянні – і акцыі, і іншыя грамадскія і прававыя дзеянні ў рэшце рэшт прывядуць да таго, што грамадская кампанія дасць вынік і завод гэты зачыняць» – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Пратэсты супраць з’яўлення ў Свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» акумулятарнага заводу «Ай Паўэр» вядуцца з пачатку года. Кіраўніцтва прадпрыемства і чыноўнікі запэўніваюць, што на ўсіх этапах рэалізацыі праекту яны прытрымліваюцца заканадаўства. Сумняюцца ж у гэтым не толькі простыя грамадзяне і актывісты, але і афіцыйная Варшава. Днямі Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Польшчы накіравала ў Беларусь афіцыйны запыт наконт будаўніцтва заводу.

Сцяпан Святлоў

Глядзі таксама
Каментары