Аб'ектыў 10.07.2017 Улады не прызнаюць масавых расстрэлаў у «Віцебскіх Курапатах»


Гэтае месца ў Верабʼёвым лесе бліз вёскі Хайсы нярэдка называюць Віцебскімі Курапатамі. Паводле сабраных грамадскімі актывістамі звестак, з 1930-га да 1940-га году тут расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Цяпер пра падзеі таго часу нагадваюць крыжы і мемарыяльныя дошкі, усталяваныя актывістамі.

«Прыйшлі сюды, убачылі чарапоў, было на кожнай яміне не менш за 10, дзе 20, костак вельмі шмат», – узгадвае актывіст Ян Дзяржаўцаў.

Масавае пахаванне налічвае не менш за 500 загінулых

Пра тое ж, што ў лесе ёсць месца расстрэлаў, грамадскасць пачула ад мясцовых жыхары тры гады таму. Збіраючы грыбы і ягады, людзі натраплялі на чалавечыя косці ды чарапы з кулявымі адтулінамі. Сёлета «чорныя капальнікі» ў пошуках нажывы праінспектавалі лес ды павыкідвалі на паверхню чалавечыя косці. Гэтак вяскоўцы знайшлі новыя пахаванні. Улады ж некаторы час публічна даводзілі, што ва ўрочышчы – ахвяры Другой сусветнай вайны, забітыя немцамі. Аднак знойдзеныя артэфакты кажуць пра іншае.

«Гільзы і кулі толькі савецкай зброі: гэта кольт, гэта ТТ, гэта наган, і адна ад маўзера», – звяртае ўвагу спадар Ян.

Эксгумацыяй займаўся пошукавы батальён

Знойдзеныя парэшткі належаць мужчынам і жанчынам. Пры дапамозе некаторых фрагментаў асабістых рэчаў – а менавіта жаночым грабеньчыку з выдрапаным на ім імем – удалося ўсталяваць нават асобу адной з загінулых. Вольгу Данцыт расстралялі ў красавіку 38-га нібыта за антысавецкую дзейнасць і шпіянаж.

«Пад гэты імя Волі Дант… падыходзіць толькі адна жанчына, яна была забітая ў Віцебскай турме», – удакладняе Андрэй Кешанок з ініцыятывы «Хайсы – Віцебскія Курапаты».

З архіваў актывісты даведаліся прозвішчы яшчэ больш як 60-ці чалавек, расстраляных у адзін дзень з Вольгаю Данцыт.

Сабраць інфармацыю даследнікі спрабуюць і праз жывых сведак тых часоў

Каб дамагчыся гістарычнай справядлівасці, мясцовыя актывісты накіравалі калектыўны зварот у Віцебскі аблвыканкам.Тым не менш, ідэі надаць урочышчу бліз Хайсоў афіцыйны статус месца масавых пахаванняў сталінскіх рэпрэсіяў і ўсталяваць мемарыял мясцовыя ўлады не падтрымалі.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Ігар Мацееў / TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары