Улады не могуць павесіць шыльду на месцы масавых расстрэлаў у Воршы


Да пяці тысячаў расстраляных паводле палітычных артыкулаў. Кабыляцкая гара на ўскрайку Воршы – месца, якое збірае слёзы нашчадкаў. Сярод кронаў і каранёў дрэваў тут хаваецца памяць пра ўласныя карані.

«Я хачу да кожнага крыжа, кожнага чалавека, бо кожны крыж гэта чалавек, іх шмат, пакласці даніну, якую магу – кветкі і памяць. Самае галоўнае – гэта памяць. Калі мы будзем памятаць, то нашае пакаленне будзе жыць», – кажа ўнучка расстралянага Дзіна Кацар.

Зінаідзе Пашкевіч 95 гадоў. Яна памятае, як сям’ю разлучалі з бацькам. Жанчына распавядае:

«Ён сеў на падлозе, і мы каля яго. Нам не дазвалялі нават прыхінацца да яго. Але мы ўсё лезлі да яго».

Кабыляцкая гара – другое ўрочышча ў Беларусі, якое дзяржава афіцыйна прызнала месцам сталінскага тэрору. Калісьці тут стаяў помнік, але невядомыя сарвалі шыльду. Цяпер гэта проста валун. Дзяржава гэтае месца амаль забыла: яго даглядаюць або грамадскія актывісты, або нашчадкі бязвінна забітых. Людзі самастойна ставяць крыжы, шыльды і помнікі сваякам. Нядаўна тут усталявалі помнік мужу аўтаркі арнаменту на дзяржаўным сцягу Беларусі.

«Гэта вельмі важны момант не толькі для нашай сямʼі, але і ўвогуле для Беларусі, для нашай нацыі. Бо гэта момант адраджэння, памяці. Калі мы памятаем сваіх продкаў, свае карані – мы самі робімся мацнейшымі, як дрэва», – адзначае праўнучка расстралянага Вераніка Кацар.

Былы кіраўнік Аршаншчыны Аляксандр Пазняк нядаўна абяцаў прыслухацца да просьбаў актывістаў ды аднавіць памятную шыльду ахвярам рэпрэсіяў на чатырох мовах. Аднак на гэтым тыдні яго адправілі ў адстаўку. Як новы кіраўнік райвыканкаму паставіцца да памятнага месца – пакуль не вядома.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu