Аб'ектыў 06.07.2018 Улады Менску забаранілі свята ў скверы, актывісты не спужаліся


Менскія ўлады забаранілі раней анансаванае свята ў Котаўцы, падчас якога экалагічныя актывісты збіраліся сустрэцца з жыхарамі і абмеркаваць далейшы план добраўпарадкавання скверу, да якога заахвочваў нават кіраўнік Менгарвыканкаму.

Што ж пайшло не так? Чаму непалітычнае свята аказалася пад забаронай?

Казачныя персанажы, дзіцячыя гульні ды кава з гарбатаю. Эка-актывісты запрасілі мясцовых жыхароў на сустрэчу, каб аддзячыць за сумесную працу па добраўпарадкаванні Котаўскага скверу.

«Мы толькі што ўсталявалі вось гэтую лаву, сіламі мясцовых жыхароў, што вельмі прыемна. І гэта насамрэч, толькі першы этап трансфармавання скверу Котаўка. Сёння мы будзем яшчэ ўсталёўваць дзве лавы», – распавядае Андрэй Карпека з Менскай урбаністычнай платформы.

Каб уратаваць Котаўку, актывісты разам з мясцовымі жыхарамі спынялі тэхніку ды падстаўляліся пад пілы. Паступова ў абароненым скверы высадзілі хмызнякі, усталявалі шпакоўні, інфармацыйныя дошкі.

Але ўласныя экалагічныя ініцыятывы не толькі не знаходзяць падтрымання з боку дзяржавы, яшчэ і цярпяць перашкоды. Актывісты і мясцовыя жыхары апынуліся пад пагрозаю адміністрацыйных пакаранняў. Чыноўнікі папярэдзілі: сённяшняя сустрэча несанкцыянаваная.

Праводзіць сустрэчу забаранілі чыноўнікі з адміністрацыі Савецкага раёну. За прысутнымі назіраюць міліцыянты. Старэйшы ўчастковы інспектар у цывільным з узгорку здымае ўсіх на камеру.

«Ніколі не ўзнікала пытанняў: хто мы, што мы тут робім, чаму збіраюцца людзі. Чаму сёння так моцна закранула слова «свята»? Я не ведаю», – кажа Хрысціна Чарняўская з «Экадому».

Чаму сустрэча, цалкам пазбаўленая палітычнага кантэксту, аказалася па-за законам? Да чыноўнікаў з Адміністрацыі Савецкага раёну Менску датэлефанаваўся блогер Антон Матолька.

Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі патлумачыў: сустрэча з жыхарамі не была дазволеная і падпадае пад Закон аб масавых мерапрыемствах. А гэта значыць, што на актывістаў і мясцовых жыхароў, якія прыйшлі ў свой сквер, могуць скласці пратаколы. Дык што, каб гуляць у родным горадзе без дазволу ўладаў, спачатку трэба пазбавіцца ўсялякіх карысных ініцыятываў?

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары