Улады Кітаю заявілі пра перадухіленне перавароту


У Кітаі шасцёх былых высокапастаўленых чыноўнікаў звінавацілі ў рыхтаванні перавароту. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэту ў пытаннях кантролю каштоўных папераў.

Зрэшты, некаторыя абвінавачаныя асобы і без таго ўжо былі пад арыштам – у межах вялікай антыкарупцыйнай кампаніі. Ці пагражае Кітаю вяртанне адзінаўладдзя?

Кітайскія камуністы абвяшчаюць новую эру. На чарговым з’ездзе Камуністычнае партыі, што распачаўся ў мінулую сераду, былі заслуханыя думкі кітайскага лідара наконт сучаснага сацыялізму і стратэгіі будовы магутнага Кітаю.

«Першы этап – з 2020-га да 2035-га года. На падставе заканчэння пабудовы ўмеркавана заможнага ўва ўсіх аспектах грамадства, цягам наступных 15-ці гадоў мы будзем імкнуцца ажыццявіць сацыялістычную мадэрнізацыю», – заявіў 18 кастрычніка старшыня КНР Сі Цзінь Пін.

Зрэшты, падчас зʼезду абмяркоўваліся не толькі планы. Старшыня дзяржаўнага камітэту ў пытаннях кантролю каштоўных папераў Лю Шы Юй паведаміў, што ў Кітаі раскрылі змову супраць Сі Цзінь Піна. Абвінавачаныя – шасцёра былых чыноўнікаў – ад памерлага генерала арміі Сюй Цай Хоў, да ўвязненых пажыццёва былога міністра грамадскае бяспекі Чжоў Юн Кана і кіраўніка партыйнай арганізацыі буйнога гораду Бо Сі Лая. Адмыслоўцы мяркуюць, такія абвінавачанні могуць быць прыкметаю пабудовы ў Кітаі адзінаўладдзя.

«Сі Цзінпін прыйшоў да ўлады ў 2012 годзе, згодна з традыцыяй, якая склалася, ён мусіць знаходзіцца ва ўладзе да пачатку 2020-ых гадоў. Зараз адзначаюцца трэнды на тое, каб змяніць традыцыю, што Сі Цзіньпін і надалей застанецца пры ўладзе», – кажа адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Сі Цзінь Пін прагне ўмацаваць партыю, а з ёю – і сваю ўладу. Зрэшты, агучаная на зʼездзе праграма, разлічаная да 2050-га года, таксама намякае, што ў адстаўку генеральны сакратар бліжэйшымі гадамі не збіраецца.

«І зараз сапраўды чакаецца, што замест імя пераемніка, будзе зводзіцца меркаванне да таго, што трэба даць больш кіраўніку, каб ён здолеў ажыццявіць усе свае планы», – працягвае Яўген Красулін.

Эксперты зазначаюць: магчыма, у сусветнай палітыцы зʼявіцца яшчэ адзін векавіт. Сі Цзінь Пін хоча ўвайсці ў гісторыю Кітаю ўслед за крывавым Маў Цзэ Дунам і рэфарматарам Дэн Сяў Пінам.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu