Улады Беларусі хочуць заехаць у Еўропу на ІТ


Ад санкцыяў – да самітаў. У Беларусь другі раз сёлета прыедзе еўрапейскі камісар, а шэф беларускай дыпламатыі ўжо другі раз за паўгоддзе едзе ў Брусель. Амбітнымі планамі Уладзімір Макей падзяліўся на сустрэчы з амбасадарамі ў асобых даручэннях Еўразвязу.

Што гэтак актыўна абмяркоўваюць улады Беларусі ды Еўразвязу? І на што канкрэтна спадзяюцца ўлады нашай краіны?

Да канца траўня Уладзімір Макей наведае Брусель, а праз месяц у Беларусі збяруцца міністры эканомікі ды замежных справаў краінаў «Усходняга партнёрства». На сустрэчу прыедуць і два еўракамісары – Ёганэс Ган, адказны за палітыку суседства, і Марыя Габрыел, якая займаецца лічбаваю эканомікай.

Наведваючы Менск, палітыкі Еўразвязу спадзяюцца зменшыць уплывы Крамля. Беларусь жа ад перамоваў з Бруселем жадае атрымаць перш за ўсё грошы.

«Грошы на інфраструктуру дае Еўропа, на чыстую ваду, на тое, каб памежныя пераходы былі абсталяваныя. Натуральна, зручна гэта беларусам. Але гэта грошы невялікія. А каб грошы большыя пайшлі, трэба вырашаць цэлы шэраг праблемаў у стасунках з Еўропаю», – кажа аналітык БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

Еўразвяз чакае ад Менску дэмакратызацыі ды рынкавых рэформаў. Менск жа марыць пра заходнія інвестыцыі ды выхад на еўрапейскія рынкі.

Але вытрымаць канкурэнцыю з заходнімі таварамі пакуль можа, хіба, толькі беларускае паліва.

«Што датычыць іншай прадукцыі – пачынаючы ад харчоў, заканчваючы нашым машынабудаваннем – то асноўным рынкам збыту для нас застаецца расейскі», – адзначае аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Праўда, ёсць і іншы канкурэнтаздольны тавар – камп’ютарныя праграмы. Еўракамісара ў пытаннях лічбавай эканомікі запрасілі ў Менск нездарма, мяркуюць эксперты. Менавіта на ІТ беларускія ўлады ўскладаюць спадзяванні на прыход у Беларусь заходніх грошай.

«Гэта ж ідэя-фікс уладаў Беларусі. Яны спадзяюцца за кошт ІТ-сектару, за кошт лічбавізацыі выцягнуць усю сістэму, прычым не ламаць старых парадкаў у палітыцы, захаваць дзяржсектар», – працягвае Аляксандр Класкоўскі.

Сустрэчы з еўракамісарамі ды міністрамі заходніх прадпрымальнікаў не пераканаюць, скептычна каментуюць эксперты. Эканоміка ж развіваецца паводле сваіх законаў. Вось што на гэты конт кажа Вадзім Іосуб:

«Для таго, каб там знаходзіць заказчыкаў, напэўна, трэба паказваць нядрэнны вынік працы, напэўна трэба паказваць адносна нізкі кошт працы адмыслоўцаў. Ніякіх асаблівых палітычных дамоўленасцяў тут не трэба».

А ці зробяць перамовы Менску і Бруселю Еўропу бліжэйшай да звычайных беларусаў? Ці будуць зніжаныя цэны візаў? Пакуль прагрэсу ў гэтым пытанні не бачна.

«Спрашчэнне візавага рэжыму, здаецца, на фінальнай стадыі. Прычым цяжка зразумець, у чым там загваздка. Беларускі бок кажа, што занадта прыдзірлівыя брусельскія чыноўнікі. У Бруселі кажуць, што не зусім гнуткі беларускі бок», – зазначае Аляксандр Класкоўскі.

Стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам актыўна паляпшаюцца ўжо два гады. Аднак беларускія грамадзяне па-ранейшаму плоцяць за шэнгенскую 60 еўраў, тады як украінскія суседзі ўжо год ездзяць у Еўропу без візаў. Прытоку заходніх інвестыцыяў таксама не адчуваецца, бо для іх патрэбная прававая дзяржава і адкрыты для канкурэнцыі рынак. Адных сустрэчаў з заходнімі палітыкамі для эканамічнага рыўка яўна недастаткова.

Аляксандр Папко, belsat.eu