Улада будзе працаваць з дыяспараю? У Менску прайшоў Сёмы з’езд беларусаў свету


Спыніць дыскрымінацыю беларускай мовы і распрацаваць закон для беларусаў замежжа. У Менску скончыўся Сёмы з’езд беларусаў свету, на якім дыскутавалі над сітуацыяй у краіне.

«Я тут пераканаўся, што беларусы замежжа, у тым ліку з Расіі, гэта вельмі дасведчаныя, свядомыя, працавітыя людзі, з якімі трэба разам знаходзіць рашэнне складаных пытанняў, – заявіў старшыня ВС Беларусі (1991-1994 гг.) Станіслаў Шушкевіч.

Усяго на сход прыехалі каля паўтары сотні дэлегатаў з замежжа, яшчэ столькі ж – з самой краіны. Падчас сходу асабліва адзначылі актыўнасць беларускай дыяспары ў дапамозе пацярпелым ад дзеянняў улады.

«Рэакцыя на сакавіцкія падзеі 2017 года была вельмі моцнай, было вельмі вялікае жаданне дапамагчы. Гэта сведчыць аб тым, што беларусы ў Каліфорніі сочаць за тым, што адбываецца на Беларусі. Гэта падштурхнула разам упершыню, наколькі я ведаю, сабраць за тыдзень 3000 долараў», – кажа Надзея Нортан, беларуска з Каліфорніі.

Тым часам афіцыйная ўлада спрабуе перакінуць масты да беларусаў за мяжою. Гэтак, яшчэ ўчора міністр замежных справаў Уладзімір Макей заклікаў дыяспару да кааперацыі, а не канфрантацыі.

«Заклік уладаў на супрацоўніцтва я ўспрыняла вельмі добра. Канечне, гэта толькі заклік. Але тое, што гэта здарылася ўпершыню, дае пэўную надзею», – прызнаецца Надзея Нортан.

«Калі будзе душыцца нацыянальнае жыццё, то ці будзе пытанне дапамагаць такой дзяржаве? Вось у чым праблема. Ці адпавядае дзяржава нашым запатрабаванням?», – адзначыў прадстаўнік Таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны (Масква) Алег Краўцоў.

Асноўнаю тэмай з’езду была стратэгія развіцця беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Апроч пытання правоў чалавека, дэлегаты сходу былі занепакоеныя станам беларускай мовы і рэальнасцю незалежнасці Беларусі.

«Гэта наскрозь фальшывае, наскрозь з савецкімі каранямі ўлада, якая зрабіць нам Беларусь не дазволіць. І гэтыя людзі гэта разумеюць, і як рабілі тое, што трэба для Беларусі, так і будзе гэтым займацца далей», – мяркуе паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

Напрыканцы з’езду ўдзельнікі прынялі некалькі рэзалюцыяў з заклікам да ўладаў Беларусі. Сярод іншага, дыяспара просіць, каб беларусы замежжа нарэшце змаглі атрымаць адпаведны юрыдычны статус і наведваць Радзіму без візаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»