Аб'ектыў 04.04.2017 Угодкі народзінаў Льва Сапегі. Што трэба ведаць пра легендарную асобу?


Такога маштабу палітычных дзеячаў у нашай гісторыі было небагата

«Не толькі я, але і жыццё маё належыць Айчыне», – пад такім дэвізам жыў Леў Сапега.

«Ягонае жыццё – прыклад служэння сваёй зямлі, самаадданасць і патрыятызм, і самаахвярнасць – рэдкая зʼява для тагачасных магнатаў», – распавядае Алесь Краўцэвіч у аўтарскай праграме «Гісторыя пад знакам пагоні».

Рэдкае на той час было і ўспрыняцце Сапегам нашай краіны

Палітычны дзеяч бачыў ВКЛ суверэннай еўрапейскай і прававой. У 1588-ым годзе Сапега падрыхтаваў і дамогся зацверджання Трэцяга Статуту ВКЛ, у якім сцвярджалася незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага ад суседніх Польшчы ды Масковіі, а адзінаю дзяржаўнаю моваю – старабеларуская.

«Адзін з найлепшых юрыдычных дакументаў не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ўсёй сярэднявечнай Еўропы. Ён быў так дасканала напісаны», – тлумачыць Але Трусаў, старшыня таварыства беларускай мовы.

Выбітны дыпламат

Сапега нязменна вяртаўся з Масковіі і Польшчы з падпісанымі дакументамі на ўмовах, выгадных ВКЛ. А калі казну княства спустошылі войны, ён аддаў уласныя сродкі на ўзмацненне войска. Усе свае высілкі канцлер прыкладаў дзеля пабудовы дзяржавы, дзе, паводле яго, «павінныя панаваць законы, а не асобы».

Сёння постаць Сапегі не забытая, але ці дастаткова ўшанаваная?

Нацбанк выдаў памятныя манеты з выяваю канцлера. А ў сталіцы імем Сапегі назвалі невялікую вулачку. Што праўда, жыхары яе маюць смутнае ўяўленне пра дзейнасць вялікага канцлера.

У Слоніме ж, дзе Сапега быў ваяводам, паставіць помнік канцлеру абяцаюць ужо 20 гадоў.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары