Аб'ектыў 06.04.2017 У журналісткі адбіраюць сына за асвятленне пратэстаў


Мама дзесяцігадовага Святаслава – вядомая ў Гомлі журналістка і аператарка

Ларыса Шчыракова здымала пратэставыя акцыі ды паказвала самыя набалелыя праблемы людзей. Толькі за апошнія два гады журналістку 11 разоў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за выканне ёй сваіх прафесійных абавязкаў. Сёння ж Ларыса атрымала ліст з патрабаваннем з’явіцца на адміністратыўную камісію пры райвыканкаме – улады намагаюцца пазбавіць яе бацькоўскіх правоў.

«Проста фашызм нейкі, калі не шкадуюць ні дзяцей, ні матак. Калі запахла нейкімі бунтамі і гэтая ўлада захісталася, то цяпер агонь з усіх батарэй, цяпер проста ні да каго няма літасці», – кажа спадарыня Шчыракова.

На незалежных журналістаў моцна ціснуць

Асабліва да журналістаў, якія паказваюць сапраўдную карціну жыцця ў краіне. Гэтак, у Светлагорску распачаўся судовы працэс над журналістамі-фрылансерамі Кастусём Жукоўскім і Аляксеем Толчыным.

У Пінску праваабаронцу Алеся Рамановіча суд пакараў штрафам – Br 920 за нібыта непадпарадкаванне міліцыі і 15 соднямі арышту за ўдзел у пратэсце.

Актывістаў «не спыніць, не стрымаць»

Падобна, ні суды, ні штрафы, ні арышты не змяншаюць прагі актыўных прадстаўнікоў грамадства да пераменаў у краіне. Прынамсі ў такім настроі выходзяць на волю пасля 12 дзён арышту затрыманыя 25 сакавіка ўдзельнікі пратэсту.

«Дало больш энтузіязму змагацца з гэтым рэжымам. Таму што мы як беларусы не будзем гэта цярпець. Трэба надалей змагацца з гэтым», – заявіў Арцём Чарняк, «Еўрапейская Беларусь».

У такім жа баявым настроі перабывае і вызвалены напярэдадні гомельскі блогер. Максім Філіповіч за здымкі і ўдзел у «Маршах недармаедаў» правёў за кратамі 23 дні.

«Як жыў, гэтак і буду жыць. Я – блогер. Жывёлінаў буду здымаць. Усё, што буду бачыць навокал – буду здымаць», – паабяцаў гомельскі блогер.

Берасцейская актывістка Наталля Папкова, якую каралі і штрафамі, і арыштам ды нават вазілі на абследаванне ў псіхіятрычны дыспансер, працягне грамадскую дзейнасць і паспрабуе аднавіць бізнес.

«Працаваць трэба, трэба свой бізнес прасоўваць, бо ўжо амаль месяц стаіць на месцы».

Ці не будзе стаяць на месцы і краіна, у якой актыўныя, разумныя і працавітыя людзі праводзяць за кратамі найлепшыя дні свайго жыцця?

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары