У якіх умовах адбываўся дзяржаўны пераварот 20 гадоў таму


Рэферэндум 1996 года гэтыя людзі памятаюць не з падручнікаў. Былыя дэпутаты Вярхоўнага савету 13 склікання сустрэліся, каб у тым ліку і самім сабе адказаць на пытанне, ці слушна ўсё рабілі 20 гадоў таму, і падвесці вынікі працы тых дэпутатаў, якія прыйшлі ім на змену.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«Мы стаім на руінах парламентарызму. У нас зруйнаваны прынцып падзелу ўладаў. У нас парламент, Палата прадстаўнікоў, не што іншае як аддзел адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі».

У 1996 годзе на коне, з аднога боку, былі змены ў Канстытуцыю і ўзмацненне прэзідэнцкай улады. Паралельна частка дэпутатаў Вярхоўнага савету збіралі подпісы за імпічмент Аляксандру Лукашэнку. Нягледзячы на тое, што галасаванне ў 1996 годзе мела рэкамендацыйны характар, пасля рэферэндуму беларусы прачнуліся ў новай краіне.

УЛАДЗІМІР НАВАСЯД, СТАРШЫНЯ АРГКАМІТЭТУ ПАРТЫІ СВАБОДЫ І ПРАГРЭСУ:

«Мы проста не разумелі тую пагрозу, якая на той час існавала і было жаданне дамовіцца сярод істэблішменту беларускага, каб не дапусціць той крыві, якая была ў Маскве».

Паводле ўдзельнікаў імпрэзы, канфлікт паміж прэзідэнтам і парламентам быў непазбежны. На баку Лукашэнкі была бескампраміснасць і хуткае прыняцце рашэнняў. Вярхоўны савет імкнуўся застацца ў прававым полі – гэта было і моцным і слабым бокам, кажуць былыя дэпутаты. І калі напярэдадні рэферэндуму Лукашэнка мог тройчы за содні з’явіцца ў парламенце, то цяпер завітвае туды толькі раз на год.

АЛЯКСАНДР ДАБРАВОЛЬСКІ, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

«Зараз у парламенце няма ніводнай фракцыі і гэта паказвае, што гэта тое, чаго хацеў Лукашэнка. Яму ніколі не быў патрэбны парламент і ніколі не было патрэбна тое, што можа абмежаваць яго ўладу, таму што яго галоўная мэта – улада любой цаной».

Паводле былых дэпутатаў, яны мелі паўнамоцтвы на тое, каб увесці ў 1996 годзе ў краіне вайсковы стан і тым самым адмяніць вынікі рэферэндуму, але гісторыя пайшла іншым кірункам.

Іронія лёсу. Праз 20 гадоў пасля зменаў Канстытуцыі адное з галоўных палітычных пытанняў, якое віруе ў паветры, – гэта правядзенне новага рэферэндуму і новыя змены ў галоўны закон краіны.

Сярод удзельнікаў сённяшняй дыскусіі былі тыя, хто пагадзіўся, што імавернасць новага рэферэндуму даволі вялікая. Колішні кандыдат на прэзідэнта ад аб’яднанай апазіцыі Уладзімір Ганчарык лічыць, што ўлады наўрад ці пойдуць на новы рэферэндум, а такім чынам толькі вывучаюць грамадскую думку.

УЛАДЗІМІР ГАНЧАРЫК, КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА Ў 2001 ГОДЗЕ:

«Такія тэзісы, што магчыма змяненне Канстытуцыі, 500 долараў заробкі, я думаю, што гэта такія пробныя шары, каб разумець, як грамадства рэагуе на такія прапановы».

У сваю чаргу старшыня АГП кажа, што змены ў Канстытуцыю цалкам могуць упісацца ў палітычны парадак уладаў.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА:

«На рэферэндуме можна даць усім па крыху. Можна даць еўрапейцам, паставіць пытанне пра мараторый на смяротнае пакаранне. Ну а сабе зноўку – добры кавалак улады. Лукашэнка можа нават пайсці на тое, каб прапанаваць абмежаваць прэзідэнцкі тэрмін – два разы па 7. Яму акурат досыць, шараговы беларус не дажывае да такога ўзросту».

Наступным разам такім вялікім складам дэпутаты Вярхоўнага савету 13 склікання паабяцалі сабрацца праз 5 гадоў.

АН, «Белсат», фота: Белта