У Віцебску забаранілі галаву Леніна са студзеня


У Віцебску забаранілі студзень. Што праўда – не як ежу, а як частку выставы. Галава Леніна, зробленая з студзеня, экспануецца – дакладней, ужо экспанавалася – у музеі «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» ў межах выставы «Другое пакаленне ёсць другая прастора. Час жанчын».

«Сучаснае мастацтва разнастайнае, можна змешваць усё што заўгодна і я вырашыла змяшаць жаночыя практыкі – рэзанне анучак і варэнне баршчу. Я вару боршч і вырашыла зрабіць фуд-арт», – тлумачыць учынак аўтарка інсталяцыі Анастасія Ганчарова.

Рэзанансны студзень называецца «12 нажоў у спіну рэвалюцыі»

Інсталяцыя – гэта талерка з галавой Леніна, над якой звісаюць вяроўкі і чырвоныя анучы. Стварыла незвычайную галаву Анастасія Ганчарова ў суаўтарстве з Паўлам Юрковым. Аўтарка адзначае, што мэтай інсталяцыі была не агрэсія ці абраза, а толькі постмадэрнісцкае пераасэнсаванне.

«Паглядзець як на жарт, паглядзець на Леніна не як на сур’ёзнага ідэолага, а як на мем, якім ён стаў апошнія 30 год, як на тое што трэба пераасэнсаваць і забыць», – зазначыла Анастасія.

Выставу планавалі паказваць да сярэдзіны снежня

Але экспанат не прастаяў на выставе і трох дзён, здымкі галавы трапілі ў інтэрнэт, і кіраўніцтва цэнтру пасля званка з аддзелу культуры прыняло рашэнне зняць яго з выставы.

«У дадзеным выпадку тое што адбылося ў Віцебску пацвярджае што ў нас існуе цэнзура, хоць улады ўсяляк адмяжоўваюцца што ў нас няма цэнзуры і што мы Еўропа», – абураецца мастак Алесь Марачкін.

Разам з галавой павадыра рэвалюцыі дэмантуюць яшчэ два дзясяткі працаў, усю выставу – арганізатары лічаць выставу цэласным праектам і не пагадзіліся на выкіданне аднаго яе элементу. Афіцыйная прычына закрыцця выставы: арт-абʼект можа абразіць пачуцці прыхільнікаў Леніна. Зрэшты, скаргаў на галаву ніхто не прадʼяўляў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: svaboda.org