Аб'ектыў 12.11.2017 У Віцебску плануюць аднавіць касцёл XVIII стагоддзя


Касцёл у стылі позняга барока паўстаў у Віцебску пасля Паўночнай вайны, пры канцы 18 стагодзя, на грошы ўдавы мясцовага ваяводы Тэклі Агінскай. Паводле зацверджанага плану касцёл св. Антонія Падуанскага адбудуюць у пачатковым выглядзе. І, калі стагоддзі таму сродкі на будову давалі заможныя мецэнаты, цяпер асноўны цяжар прыпадае на самых вернікаў. Паводле папярэдніх падлікаў аднаўленне касцёлу ў Віцебску можа каштаваць да 2 мільёнаў долараў.

«Трэба адразу паставіць усе кропкі над і. Ніводзін касцёл у Беларусі не будаваўся на бюджэтныя сродкі», – кажа ксёндз Вячаслаў Барок.

Трагічны лёс напаткаў касцёл св. Антонія Падуанскага ў 1940 годзе, калі ў ім спынілі набажэнствы і адкрылі музей атэізму, а ў 1961 годзе яго проста зруйнавалі.

Ці атрымаецца цяпер аднавіць касцёл у сучаснай забудове вуліцы Леніна, калі ландшафт цэнтру гораду не такі, які быў раней.

«Канешне, мы не будзем будаваць касцёл такім чынам, каб зашкодзіць гораду. Абсалютна гэта не ёсць нашая мэта. Але тым не менш ёсць магчымасць і крыху звузіць пешаходную частку, нават праязную частку, але здольнасць вуліцы па прапусканню аўтамабіляў не паменшыцца», – кажа ксёндз Вячаслаў Барок.

Міністэрства культуры дало дазвол на правядзенне навукова-даследчых і праектавых працаў. Але пакуль не прынята рашэнне, ці адновяць касцёл на яго фундаменце.

«Па праекце, які прадстаўлены нельга казаць пра аднаўленне, бо аднаўленне мусіць адбывацца на гістарычных падмурках. Калі касцёл будзе хаця б на метр аднесены ў бок, гэта не аднаўленне, а фактычна новабуд», – распавядае краязнаўца Уладзімір Булаўскі.

Калі касцёл Антонія Падуанскага адновяць, то ён не толькі ўпрыгожыць Стары горад, але і стане выразнаю дамінантай, якая дапоўніць архітэктурную кампазіцыю адной з цэнтральных плошчаў гораду.

Наста Ільіна, «Белсат». Фота – Рынкавая плошча ў 1867 г., справа – касцёл св. Антонія Падуанскага

Глядзі таксама
Каментары