У Віцебску можа абрынуцца жылы дом, але чыноўнікам усё роўна


Рамонт, які ніяк не можа закончыцца. Такія ўмовы ўжо шэсць гадоў вымушаныя трываць жыхары дому нумар 8 па вуліцы Урыцкага ў Віцебску. Шматлікія пісьмовыя скаргі людзей ва ўсё магчымыя інстанцыі не прынеслі станоўчых вынікаў.

Адтуліны ды расколіны ў сценах, а да таго ж – падазроныя інсталяцыі ў выглядзе трубаў. Усё гэта стварае сурʼёзныя праблемы ў штодзённым жыцці людзей.

«Гэта парушае інтэрʼер і ніколі не кончыцца. Апрача гэтага, у маёй кватэры ўжо развальваецца балкон», – кажа жыхарка дому Таццяна.

Аказалася, што праблема яшчэ больш сурʼёзнная

Гады таму выявілася: дом пабудаваны з недапушчальнымі памылкамі. Паводле праведзенай экспертызы, сцены папросту рассоўваюцца. Прычына – у тым, што пліты перакрыцця паклалі не ўпоперак, а ўздоўж абʼекту. Каб спыніць працэс разбурэння, неабходна інсталяваць пасы ў выглядзе трубаў. Аднак працы спыніліся, а жыццё людзей бяспечным лічыць не даводзіцца.

«Не хочуць фінансаваць нашага рамонту. Гэта нягледзячы на тое, што мы плацім за капітальны рамонт. Ніхто нічога не робіць», – абураецца Дзяніс, сусед Таццяны.

Чыноўнікі адказнасць за затрыманне працаў перакладаюць на жыхароў дому

У жыллёва-рамонтным эксплуатацыйным трэсце нам патлумачылі:

«Паводле праекту, спачатку мусім інсталяваць усе пасы, ва ўсім доме. Пасля яны будуць усе сцягвацца. Палова жыхароў дала доступ у кватэры, палова не дала. Быў суд, іх абавязалі, але хто дае, хто не. Таму ўсё зацягваецца».

Людзі ў сваіх праблемах вінавацяць удады

Галоўная прычына, на думку жыхароў дому, – у тым, што ўсё адбывалася без размовы з імі.

«Трэба было правесці сустрэчу, усім патлумачыць, якія працы будуць праводзіцца. Людзі не рабілі б грунтоўных рамонтаў, тады, магчыма, далі б доступ у свае кватэры. Мусіць быць галоснасць. Трэба было таксама пазнаёміць людзей з вынікамі даследаванняў», – тлумачыць спадарыня Ірына.

«Праблема – у галовах чыноўнікаў»

Са словаў жыхароў вуліцы Урыцкага, у каштарысы капітальнага рамонту заклалі і адмысловыя кампенсацыі для ўладальнікаў кватэраў. Аднак грошай людзі не пабачылі.

«Праблема – у галовах чыноўнікаў. Калі мы выедзем за Віцебск ды паглядзім, у якіх умовах жывуць чыноўнікі, мы ўбачым, што іхныя катэджы не развальваюцца, іхныя катэджы рамантуюцца, а часам і будуюцца – з дапамогаю дзяржавы», – звяртае ўвагу Павел Левінаў з Беларускага Хельсінскага Камітэту.

Дом на вуліцы Урыцкага пакуль будзе развальвацца

Колькі часу зойме развязанне праблемы, чыноўнікі адказаць не ў стане. Бяспека людзей, відавочна, не хвалюе нікога.

Ян Бабіцкі, «Белсат»