У Варшаве шукаюць 5-метровага пітона


Ён не прабачыць запаволенай рэакцыі, у секунды здушыць сваю ахвяру, адправіўшы яе ў пастку смерці. Ад учорашняга вечара, калі на беразе ракі Віслы была знойдзена скура амаль 6-метровага тыгравага пітона, варшаўская паліцыя, працаўнікі адлову жывёліны ды водныя ратавальнікі польскай сталіцы ні на хвіліну не маюць спакою – у зоне рызыкі паўднёвы прыгарад гораду, дзе пражывае некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Мяркуецца, што драпежная змяя збегла з прыватнага тэрарыума.

Пяціметровы, галодны і агрэсіўны. Гіганцкага тыгравага пітона шукаюць не ў трапічным лесе, а ў варшаўскім аналагу менскіх Драздоў. Як трапічны драпежнік апынуўся на краі мегаполісу, пакуль да канца не ясна. Але ў яго пошуках удзельнічаюць ужо больш за 30 чалавек.

Пошукавая акцыя паміж вёскамі Гасы і Цішыца пачалася яшчэ ў суботу ўвечары, калі мясцовы жыхар падчас прагулкі знайшоў пяціметровы фрагмент скінутай змяінай скуры. Паліцыя неадкладна праінфармавала Польскую службу аховы і выратавання жывёлінаў «Animal Rescue». Эксперты вызначылі, што скура належыць тыграваму пітону і перасцераглі жыхароў ад шпацыру ў адзіночку. Ахвярамі драпежніка могуць стаць дзеці і хатняя жывёла.

«Пяць метраў – гэта для нас, палякаў, сапраўдны монстр, а монстраў варта баяцца».

«Страшна, але цікаўнасць нас прымусіла прыйсці і паглядзець, што адбываецца. Паліцэйскія рэкамендавалі нам не хадзіць у адзіночку і ня спаць пад адкрытым небам. Кажуць, што змяя агрэсіўная»

«Калі нешта такое паплыве ў наш бок – то будзем уцякаць. Але пакуль нічога не плыве, таму мы тут ловім рыбу», – кажуць мясцовыя жыхары.

Цяпер у аперацыі ўдзельнічаюць больш за 30 чалавек. Паліцыя, ратаўнікі, эколагі. Шукаць пітона абяцаюць, пакуль не знойдуць.

Гэта скура пяціметровага тыгравага пітона. Вага такой жывёліны можа дасягаць 30-ці кілаграмаў, але пры гэтым яна значна мацнейшая за дарослага чалавека. Хатнім гадаванцам, такім як сабакі, сапраўды ёсць чаго баяцца, але на чалавека пітон хутчэй за ўсё нападаць не будзе.

Але 100-адсоткавай гарантыі ніхто вам не дасць. Гісторыі, калі ў дзікай прыродзе пітоны нападаюць на людзей, не такія ўжо і рэдкія.

«Гэта небяспечная істота, бо яна апынулася ў незнаёмым асяроддзі. Любога, хто да яе наблізіцца, яна будзе ўспрымаць як ворага. Калі мы зловім пітона, мы не будзем яго забіваць, а перадамо ў ветэрынарную клініку, а затым у месца, дзе за ім змогуць прыглядаць», – распавядае Давід Фаб’янскі з «Animal rescue Poland».

Арэал пасялення тыгравага пітона – Паўднёва-Усходняя Азія: Індыя, Бангладэш, Мʼянма, Малайзія. Жывуць такія змеі пераважна ў вільготных лясах, балотах і на берагах вадаёмаў. Менавіта таму тыгравыя пітоны – цудоўныя плыўцы і дрэвалазы, а яшчэ адныя з самых папулярных змеяў для хатняга ўтрымання па ўсім свеце.

«З упэўненасцю можна сказаць, што такая жывёла не пойдзе ў бок чалавечага жытла. Змеі не любяць агрэсіўных пахаў і шуму. Пітон пойдзе хутчэй да берага ракі – гэта яго натуральнае асяроддзе», – кажа Вольга Пафэльска з Варшаўскага заапарку.

Эксперты мяркуюць, што пітон уцёк з дому. Дадзенаму асобніку можа быць больш за 10 гадоў. Магчыма, гаспадар адправіўся на вакацыі і паўзун выбраўся на волю.

У польскім клімаце тыгравы пітон можа дажыць да позняй восені, пакуль не прыйдуць першыя маразы. Аднак эксперты разлічваюць знайсці змяю раней, чымся яна змерзне або зʼесць нечага сабаку.

Аляксандр Папко, Ігар Кулей belsat.eu