У Варшаве адбыўся спеўны сход памяці Анемпадыстава


У «Беларускім доме» ў Варшаве згадалі мастака і паэта, Міхала Анемпадыстава. Аўтар песень «Простыя словы», «Мая краіна», «Чаканне Калядаў», «Святло ў цемры» ды іншых рок-гітоў заўчасна пайшоў з жыцця месяц таму.

Спеўны сход паводле твораў, напісаных для «Новага неба», і тэкстаў з «Народнага альбому» сабраў лідар гурта «VuRaj» Сяржук Доўгушаў.

Сяржук упершыню падрабязна пазнаёміўся з творчасцю Анемпадыстава ў 2010-ым, калі пасля пратэставых акцыяў, у зняволенні, прачытаў выданне тэкстаў з «Народнага альбому». Кніга з подпісам аўтара моцна ўразіла музыку, прыцягнула Сержука да беларушчыны, таму свой першы варшаўскі спеўны сход Сяржук прысвяціў памяці Анемпадыстава.

«Хацелася б больш засяродзіцца на песнях Міхала Анемпадыстава, таму што ён зрабіў вялікі ўнёсак у рок музыку Беларусі і менавіта ў тэксты песняў якія мы спяваем, якія, можна сказаць, сталі народнымі хітамі», – зазначыў вакаліст «VuRaj».

Наступны »Спеўны сход« у Варшаве будзе польска-беларускім, прысвечаным творчасці Станіслава Манюшкі, а ў Менску, 20-га сакавіка, Сяржук ладзіць сустрэчу з песнямі ды гімнамі БНР.

Андрусь Такінданг, «Белсат», фота: facebook.com/BelaruskiDom/