У Траецкім прадмесці стартаваў відэа-флэшмоб у падтрыманне «Белсату»


Вазьмі з сабою смартфон ці камеру і запішы відэа, чаму Белсат, трэба захаваць. Такі флэшмоб стартаваў у менскім Траецкім прадмесці, як частка агульнай вялікай кампаніі падтрымання нашага тэлеканалу.

Палітыкі, праваабаронцы, журналісты, пісьменнікі – сваю салідарнасць з тэлеканалам прыйшлі выказаць дзясяткі людзей.

«Унёсак «Белсату» ва ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці за апошнія 9 гадоў неацэнны», – зазначыў палітык Мікола Статкевіч.

«9-гадовая гісторыя каналу «Белсат» на маю думку гэта вельмі цікавая і важная старонка найноўшай беларускай гісторыі. Той гісторыі, пра якую Белсат не толькі апавядаў у сваіх інфармацыйных і аналітычных праграмах, але і сам ствараў гэтую гісторыю», – упэўнены гісторык Уладзімір Арлоў.

«Ён стаўся самай сапраўднай пляцоўкай, на якой кожны грамадзянін мог выказаць сваю пазіцыю, незалежна ад палітычных поглядаў», – мяркуе дэпутатка парламенту Алена Анісім.

Падпішыце петыцыю!

Вядомыя асобы звярталіся да грамадскасці з просьбаю падпісаць петыцыю да прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, каб каналу не скарачалі фінансавання. Ужо цяпер пад зваротам свае імёны паставілі больш як 2 700 чалавек.

«Ці можа стаць твая будучыня і то, якой ты хочаш яе бачыць, без будучыні суседа, тым больш суседа найблізкага, а найблізкім суседзям кожны дапамагае, чым можа», – кажа палітык і паэт Уладзімір Някляеў.

«Гэта альтэрнатыва ўнутры краіны, што гэта вольная інфармацыя, і што гэта вольныя людзі, якія прагнуць, каб жыццё ў краіне зрабілася лепшым», – цвердзіць Сяргей Філімонаў, аўтар папулярнай легендарнай праграмы «Відзьмо-невідзьмо».

«Белсат вельмі любяць рэгіёны»

Акцыю здымалі не толькі прадстаўнікі незалежных медыяў. Сваю маўклівую салідарнасць з «Белсатам» выказалі некалькі чалавек у цывільным.

«Белсат заўсёды ўдзяляе вельмі шмат увагі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і для нас праваабаронцаў прасоўванне вось гэтай праваабарончай павесткі дня вельмі важнае», – даводзіць Таццяна Равяка з праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Белсат вельмі любяць рэгіёны, Белсат вельмі блізкі да народных падзеяў, я б назвала яго такім народным «TV», – тлумачыць Таццяна Караткевіч з кампаніі «Гавары праўду!».

Марафон салідарнасці працягнецца ў інтэрнэце. Здымайце свае відэазвароты, публікуйце іх у сеціве з гэштэгам «#белсатжыві» і дасылайце спасылку на нашую паштовую скрыню (belsat.eu@gmail.com) ці ў сацыяльных сетках. Ваш кожны голас будзе пачуты!

Таццяна Рэут, «Белсат»