У Таджыкістан да… Пуціна?


Візіт Міхаіла Бабіча ў Магілёў стаў своеасаблівай інспекцыяй дыпламата напярэдадні форуму рэгіёнаў, які адбудзецца тут 11–12 кастрычніка. У часе свайго візіту ў абласны цэнтр амбасадар Расеі наведаў «Магілёўхімвалакно» і супольнае беларуска-расейскае прадпрыемства «ОмскКарбонМагілёў». Там жа ў Магілёве Бабіч адзначыў, што паміж Беларуссю і Расеяй няма спрэчных пытанняў.

Палітолаг Павел Усаў:

«Відавочна, што Бабіч вызначальная фігура цяпер у Беларусі. Пасярэднік у перамовах паміж Крамлём і Менскам, што сведчыць пра падвышэнне ягонага статусу і фактычна падкрэслівае той факт, што Беларусь ператвараецца ў аб’ект палітычнага ўздзеяння Расеі».

Паводле таго ж Бабіча, які для публікі прыадчыняе дамоўленасці двух прэзідэнтаў, працягваць двухбаковы палітычны гандаль Менск і Масква будуць у Душанбэ. Суразмоўцы «Белсату» асцярожна кажуць, што гэта хутчэй дыпламатычны этыкет. Да таго, каб паставіць апошнюю кропку над і ў спрэчных пытаннях, яшчэ далёка.

«На саміце СНД у Душанбэ будзе невялікая размова, але не больш. Прымацца рашэнні там, безумоўна, не будуць. Вялікая палітычная размова будзе ў Магілёве, там прэзідэнты зноўку будуць тэт-а-тэт, там будуць абмяркоўвацца пытанні палітычнага плану» – растлумачыў Андрэй Суздальцоў, палітолаг, Масква.

Крэмль настойвае на большай палітычнай лаяльнасці Менску, больш жорсткай пазіцыі адносна Украіны. Не выключана, што абмяркоўваюцца і варыянты сыходу Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта, кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў.

«Уладзімір Пуцін сыходзіць паводле Канстытуцыі праз 5 гадоў, гэта не шмат. Я абсалютна ўпэўнены, што сыходзячы, ён забярэ з сабою і Назарбаева, і Лукашэнку. Як ён забярэ, гэта іншае пытанне, я думаю, таксама ў межах Канстытуцыі» – адзначыў Андрэй Суздальцоў, палітолаг, Масква.

Палітычны гандаль наўпрост адбіваецца і на эканамічнай сферы. Масква ўжо перанесла запуск першага энергаблоку беларускай АЭС на год, чым выклікала крытыку кіраўніка Беларусі. Шэраг каментатараў сцвярджае, што бакі вярнуліся і да пытання расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Палітолаг Павел Усаў:

«Я думаю, што стратэгія ўжо выпрацаваная ў Маскве, гэта стратэгія праглынання Беларусі, фармаванне такога саюзу, дзе беларускія пытанні незалежнасці будуць мець атрыбутыўны характар».

Пажаданні Менску ў двухбаковых перамовах даўно вядомыя – мінімальныя кошты на энерганосьбіты і свабодны доступ да расейскага рынку. А вось з Масквы, у тым ліку праз пасла Бабіча, усе гучней кажуць пра глыбейшую інтэграцыю дзвюх краінаў. У якім фармаце, і што гэта будзе азначаць для беларускай незалежнасці? На найвышэйшым узроўні трымаюць паўзу і не адказваюць на гэтыя пытанні.

АН, belsat.eu

Фота: president.gov.by