Аб'ектыў 13.04.2018 «У стасунках з ЕЗ у Беларусі ёсць чырвоныя сцяжкі, далей якіх яна не жадае ісці»


У Менску ўпершыню ў гісторыі адбываецца сустрэча Кіруючага камітэту форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Ці гэтак беларускія ўлады хочуць паказаць сваю прыязнасць еўрапейскім ідэям? І чаму наша грамадская супольнасць можа навучыцца ў калег па Усходнім партнёрстве?

Як у любым школьным класе ёсць выдатнікі, а ёсць двоечнікі – гэтак і ва Усходнім Партнёрстве. Беларусь, на жаль, добрымі адзнакамі ў дадзеным кантэксце пахваліцца не можа.

Магчымасці для супрацы паміж краінамі-удзельнікамі ініцыятывы абмяркоўвалі сёння падчас сустрэчы Кіруючага камітэту форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства – у Менску сабраліся прадстаўнікі краін арганізацыі, а таксама структур Еўразвязу.

«Упершыню ў Беларусі адбываецца сустрэча кіруючага камітэту. Для Беларускай нацянальнай платформы гэта знак таго, што ўсё-такі ёсць нейкае пацяпленне з боку дзяржавы і магчымасць арганізоўваць такія мерапрыемствы тут», – кажа Мікалай Кванталіані з «ЕўраБеларусі».

Што праўда, пакуль Беларусь не самы актыўны ўдзельнік праграмы. У адрозненне ад той жа Грузіі.

«На аснове мемарандума, які заключаны з парламентам Грузіі, у прыватнасці, камітэтам па еўрапейскай інтэграцыі, у нас ёсць магчымасць падаваць экспертнае меркаванне наконт усіх законапраектаў, якія разглядаюцца ў парламенце і датычацца імплементацыі Дамовы аб асацыяцыі з Еўрапейскім звязам», – распавядае Аляксандра Калатазішвілі з Цэнтру развіцця грамадзянскай адукацыі (Грузія).

Аднак для нашага ўраду пакуль бліжэй прыклад Азербайджану. Эксперты адзначаюць, што там, зрэшты, як і ў Беларусі, у апошнія гады ўзрастае ўплыў валанцёраў і лакальных ініцыятываў, якія вымушаныя працаваць ва ўмовах ціску з боку ўладаў.

«НДА сталі аб’ектам атак з боку ўраду. Існуюць абмежаванні ў атрыманні замежнага фінансавання і ўвогуле фінансавання для НДА і фондаў. Таму некаторыя арганізацыі спынілі сваю дзейнасць, а іншыя былі вымушаны перанесціся за мяжу», – кажа Зія Гуліева з Цэнтру прававых ініцыятываў (Азербайджан).

У такой сітуацыі, на меркаванне экспертаў, максімум, што цяпер можна чакаць ад Усходняга партнёрства – гэта прызнанне наяўнасці рознапланавых і рознакірункавых інтарэсаў краін-удзельнікаў ды іх рознахуткасную інтэграцыю.

«Інтарэс Еўропы да ўсяго гэтага праекту Усходнягя партнёрства, каб краіны-суседзі Расеі не траплялі пад большую залежнасць ад Расеі, імкненне прыцягнуць іх рознымі пернікамі да сябе, прыцягнуць да супрацы з Еўразвязам. Але ў гэтым сэнсе ў Беларусі ёсць пэўныя абмежаванні і чырвоныя сцяжкі, далей якіх яна не жадае ісці», – адзначае аглядальнік «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў.

Зрэшты, улады Беларусі ўсё часцей выказваюцца аб сваёй гатоўнасці ад некаторых такіх сцяжкоў адмовіцца. Толькі еўрапейцы ўжо чакаюць нейкіх канкрэтных дзеянняў, а не аптымістычнай рыторыкі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Фота на вокладкі – TUT.by

Глядзі таксама
Каментары