Аб'ектыў 10.01.2017 У шматдзетнай даяркі адабралі чацьвярых дзяцей, каб не даваць кватэры


У вёсцы Тэўлі на Кобрыншчыне ў шматдзетнай маці Нэлі Дзіткоўскай забралі чацвярых дзяцей. Камісія ў справах няпоўнагадовых Кобрынскага райвыканкаму пастанавіла, што ім патрэбная дзяржаўная абарона.

«Галаслоўна напісана што мы злоўжываем алкаголем, хоць пацверджання гэтаму няма», – цвердзіць Нэлі.

Мясцовы ўчастковы не падаў ніводнага пратаколу затрымання

Нэлі ці ейнага грамадзянскага мужа Уладзіміра ў нецвярозым стане ніхто не бачыў. Дакументальнага пацверджання фактаў буянства або хуліганства. Толькі на словах.

«Мінулы раз я прасіў, пад сваю адказнасць браў, што будзе парадак, п’яных не будзе. Але як ні зойдзеш – па калена бруду… нібыта ўсё, навялі парадак, глядзіш – ён напіўся», – даводзіць участковы Сяргей Жолах.

Суседзі злоўжывання алкаголем у сямʼі не пацвярджаюць

Абвінавачанні, што малыя ходзяць брудныя ў школу мясцовыя адкідаюць таксама.

«Я заходжу да яго і мы разам ідзем на працу, ён заўсёды цвярозы», – кажа спадарыня Алена.

«Чацвёра дзяцей, дзеці не плачуць, не бегаюць есці не просяць ні ў кога», – дадае суседка Вольга.

Няма заўваг да сяльчанаў і на працоўных месцах. Нэлі працуе даяркаю, а Уладзімір – паляводам і жывёлаводам.

Тады чаму ж забралі малых?

Маці чацвярых дзяцей мяркуе, што гэта адбылося праз кватэрнае пытанне.

«Стаю з 2010-га году на паляпшэнне жыллёвых умоваў. А ім прасцей не палепшыць мне ўмовы а дзяцей забраць, менш праблемаў», – упэўненая шматдзетная маці.

Жытло, якое прапаноўвалі шматдзетнай сямʼі для паляпшэння ўмоваў, не прыстасаванае не тое што да жыцця з дзецьмі, але і ўвогуле да жыцця. Дах цячэ, тынк са сценаў асыпаецца, а ваду жыхары суседняе кватэры праводзілі самастойна.

Прадстаўнікі мясцовай улады папросту ўцяклі ад нязручных пытанняў

Праваабаронцы сцвярджаюць, што забіраючы дзяцей без суда чыноўнікі парушаюць і правы сямʼі, і правы дзяцей.

«Мы лічым што гэта злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, некампетэнтнасць і гэта не для дабра сямʼі такое робіцца», – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Алег Волчак.

Змагацца ў такой сітуацыі складана

Праваабаронца адзначае, што ў нашай краіне не існуе адпаведнай прававой базы. У выніку Нэлі і Уладзімір змушаныя цяпер змагацца не за паляпшэнне жыллёвых умоваў, на якое маюць права, а за тое, каб дзяцей вярнулі дамоў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары