У Ружанах будзе не вельмі прыемна. Каля мястэчка будуюць новы свінакомплекс


Новыя працоўныя месцы, вытворчасць з 30-адсоткаваю рэнтабельнасцю і даходы ў бюджэт рэгіёну – такія аргументы за пабудову вялікага свінакомплексу пад Ружанамі прыводзіць мясцовае дзяржаўнае аграпрадпрыемства. Аднак шмат якія мясцовыя жыхары не ў захапленні ад гэтай ідэі.

36 тысяч галоваў – столькі мае налічваць свінакомплекс, які акцыянернае таварыства «Ружаны-Агра» плануе пабудаваць ля вёскі Магілёўцы за пяць кіламетраў ад мястэчка Ружаны. Аднак суседства з буйною свінафермаю падабаецца не ўсім, а галоўным чынам мясцовым жыхарам.

«Ружаны задыхнуцца! Мала, што тут комплекс, ды яшчэ там комплекс. Ужо калі вецер адтуль дзьме, то ў нас летам немагчыма дыхаць».

«Ведаеце, свінакомплекс у нас у Бор-Ліпах ёсць – такі смурод на Ружаны, што не ведаю».

«І не толькі свінафермы, у нас тут ёсць і комплексы цялятаў, кароваў таксама. На раніцу, калі высокая вільготнасць, зранку і ўвечары вельмі цяжка дыхаць».

«Ружа вятроў. Заходнія вятры ў нас. У Ружанах будзе не вельмі прыемна».

Сапраўды, «Ружаны-Агра» маюць у раёне 7 фермаў, у кожнай з якой утрымліваюцца 2 тысячы кароваў, а таксама свінакомплекс на 20 тысяч парсюкоў. Буйныя свінафермы асабліва моцна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе.

«Там, згодна з усімі нарматыўна-прававымі дакументамі, якія на сённяшні дзень ёсць, усё адпавядае нормам. Але купцы людзей не спадабалася. Чаму? Таму што будзе нібыта пах ад яго ісці. Нібыта! Віртуальна! А будзе той пах ці не будзе – яны ж не ведаюць. А ў нас выкананыя ўсе нормы», – перакананы ў гэтым Андрэй Бурдук, дырэктар ААТ «Ружаны-Агра».

Нормы, якія дазваляюць будаваць шматтысячныя свінафермы, засталіся ў спадчыну ад Савецкага Саюзу – кажуць эксперты. Савецкія праектанты не задумваліся аб прыродзе і людзях.

«Вельмі сур’ёзная небяспека экалагічная. Комплекс на 108 тысяч галоваў свіней забруджвае наваколле, як горад з насельніцтвам 200 тысячаў. Колькі ў нас гэтых бомбаў экалагічных закладзена, працуе і яшчэ збіраюцца закладаць!» – выказвае занепакоенасць Аляксандр Ярашук, прафсаюзны лідар.

Адказ на гэтае пытанне можа даць афіцыйная статыстыка. Сярэдні свінакомплекс у нашай краіне налічвае 20 тысяч галоваў. Паводле Праграмы развіцця агракомплексу на 2016–2020 гады, вытворчасць свініны ў Беларусі павінна вырасці на 15 адсоткаў. Зрабіць гэта ўлады збіраюцца праз пабудову двух дзясяткаў свінафермаў па 40 тысяч галоваў кожная.

Аляксандр Папко, «Белсат»