Аб'ектыў 26.04.2018 У разгар рэвалюцыі «рэспубліканцы» Арменіі паляцелі ў Маскву


У сталіцы Арменіі Ерэване паўстала палітычныя паўза. Усім зразумела, што кіроўная Рэспубліканская партыя больш не прадстаўляе інтарэсаў большасці, у сваю чаргу апазіцыя на чале з лідарам пратэстаў Ніколам Пашыньянам яшчэ не атрымала легітымных афіцыйных пасадаў. На фоне гэтага зацішша, былыя лідары робяць спробу перагрупіроўкі.

Кіроўная Рэспубліканская партыя Арменіі абярэ новага кіраўніка. Былы прэзідэнт Серж Саргсьян, адстаўка якога з пасады прэм’ера была ледзь не галоўным патрабаваннем пратэстоўцаў, пакіне і гэтую пасаду. Негатыўны імідж Саргсьяна шкодзіць партыі.

«Пасля адстаўкі Саргсьяна неабходна фармаваць новы ўрад, і дадаваць прыстаўку в.а. (выконваючы абавязкі) усім міністрам. У Арменіі жа, прыстаўка в.а. змянілася толькі ў першага віцэ-прэмʼера. Астатнія засталіся пры сваіх пасадах. Гэта ў значнай меры супярэчыць заканадаўству, а таму можна казаць пра тое, што любыя рашэнні, якія прымае гэты ўрад – незаконныя», – мяркуе палітычны аналітык Барыс Навасардзян.

Але нават такія захады наўрад ці дапамогуць рэспубліканцам. Іхная кааліцыя ў парламенце з партыяй «Дашнакцуцюн», скарочана АРФД, ужо развалілася. А гэта мінус 7 галасоў у Нацыянальным сходзе, тры выконваючыя абавязкі міністраў і два губернатары вобласцяў. Міністры і губернатары з АРФД яшчэ раніцай падалі ў адстаўку. А партыя, па сутнасці, далучылася да патрабаванняў апазіцыі.

«З улікам сітуацыі, што склалася, абвяшчаем пра спыненне нашага ўдзелу ў палітычнай кааліцыі. Пакуль што Нацыянальны сход павінен абраць прэмʼер-міністра, які карыстаецца даверам народу», – гаворыцца ў заяве АРФД.

На фоне ўнутраных палітычных разборак у Маскву, на сустрэчу з чыноўнікамі з адміністрацыі расейскага прэзідэнта, выправілася дэлегацыя ў складзе міністра замежных справаў Арменіі Эдварда Налбандзяна ды выконваючага абавязкі першага віцэ-прэмʼера Армэна Геваркяна.

«Сёння галоўнай магчымасцю для старых уладаў утрымацца на пастах ёсць падтрымка Расеі. Напрыклад у форме заявы аб даверы законнай старой уладзе і недаверы апазіцыйнаму руху», – працягвае Барыс Навасардзян.

З аднаго боку ў рэспубліканцаў ёсць час, каб наведаць Маскву, з другога боку няма часу, каб выслаць сваю дэлегацыю на чарговае паседжанне АДКБ у Казахстан. Сустрэча аднаго з каардынацыйных камітэтаў арганізацыі прайшла сёння без прадстаўнікоў афіцыйнага Ерэвану.

Але не варта спадзявацца, што з прыходам апазіцыі да ўлады, палітычны курс Арменіі неяк кардынальна зменіцца. Аб гэтым у інтэрвʼю армянскаму тэлеканалу «Кентрон» паведаміў сам лідар армянскае аксамітнае рэвалюцыі Нікол Пашыньян:

«У плане вонкавае палітыкі, зазначу, што лічу вельмі небяспечнымі для дзяржаўнага складу рэзкія змены вонкавапалітычнага курса. Досвед даводзіць, што тыя краіны, якія здзейснілі гэты манеўр, сутыкнуліся з сурʼёзнымі катаклізмамі. Прыярытэтнымі я лічу нашыя адносіны з Іранам, Расеяй, Грузіяй, Еўразвязам і ЗША. На жаль, адносіны Арменіі з Іранам і ЗША могуць развівацца толькі коштам адзін аднаго, мы павінныя выключыць падобнага роду фактары».

Ужо 1 траўня армянскі парламент абмяркуе пытанне абрання новага прэмʼер-міністра, гаворыцца ў заяве спікера Нацыянальнага сходу Ары Баблаяна. Лідар апазіцыі, і хіба, галоўны кандыдат на гэтую пасаду Нікол Пашыньян адзначыў, што будзе гарантаваць сумленныя і законныя выбары, незалежна ад таго, ці на іх пераможа.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Gleb Garanich/ Forum

Глядзі таксама
Каментары