У Расеі пратэстуюць супраць цэнзуры ў інтэрнэце


Некалькі тысячаў чалавек у Маскве і каля сотні асобаў у Санкт-Пецярбурзе пратэставалі супраць цэнзуры ў інтэрнэце. Удзельнікі акцыі «За свабодны інтэрнэт» патрабавалі не толькі прыпыніць спробы абмежаваць свабоду выказвання ў сеціве, але і рэабілітаваць зняволеных за рэпосты і лайкі ў сацыяльных сетках. 

Спыніць цэнзуру і адмяніць пакаранні за выказванне меркавання ў сеціве. Некалькі тысячаў чалавек у Маскве патрабавалі ад расейскіх уладаў не прымаць гэтак званага пакету законаў Яравой.

«Свабода ў сеціве неразрыўна звязаная са свабодай у рэчаіснасці, калі мы не можам чагосьці казаць там, то мы не можам чагосьці казаць і ў рэчаіснасці. Цэнзура трапляе ўва ўсе слаі грамадства і дзяржаўнай машыны, нават арганізаваць гэты бяскрыўдны марш было вельмі цяжка, мэрыя выстаўляла процьму невыканальных умоваў», – кажа Уладзімір Жураўлёў з аргкамітэту маршу за свабодны інтэрнэт.

Прыняты летась пакет законаў, пачаць выконваць які правайдары змогуць у найлепшым выпадку налета, скіраваны на абарону ўласна расейцаў, тлумачыла яго аўтарка.

«Перадусім у гэтым законе змяшчаюцца нормы, якія ўпершыню даюць вызначэнне міжнароднага тэрарызму і фінансаванні міжнароднага тэрарызму», – заявіл дэпутатка Дзярждумы Расеі Ірына Яравая.

Ейны пакет законаў між іншага забавязвае аператараў сувязі цягам паўгоддзя захоўваць званкі і паведамленні абанентаў, фактычна забараняе выкарыстоўваць ананімайзеры ды ўсе іншыя сродкі шыфравання ў сеціве. Апошняе змушае мэсэнджары кшталту Telegram ці WatsApp падаваць спецслужбам ключы да зашыфраваных паведамленняў карыстальнікаў. Тры гады таму расейскі Крымінальны кодэкс папоўніў артыкул «Заклікі да ажыццяўлення дзеянняў, скіраваных супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Расеі». За гэтым пайшоў цэлы шэраг штрафаў і арыштаў за выказванні супраць анексіі Крыму.

«Ладна, каб яны проста зрабілі там штрафы па 100-200 рублёў за нейкія каментары ў сеціве, якія хтосьці ад вашага імя напісаў, дык не – яны саджаюць сапраўды людзей, людзі атрымліваюць крымінальныя тэрміны, адміністратыўныя штрафы па 10-20 тысяч», – кажа Уладзімір Жураўлёў з аргкамітэту маршу за свабодны інтэрнэт.

Дакладнай інфармацыі пра колькасць аштрафаваных за лайкі і рэпосты расейцаў няма. Звесткі за 2015-ты год кажуць пра 54 асобы, што трапілі за краты праз размяшчэнне рэпостаў і онлайн-публікацыяў на сваіх старонках у сацыяльных сетках.

«Інтэрнэт задумваўся, як вольная пляцоўка ад цэнзуры, ад рэпрэсіяў – гэта мелася быць вольная бібліятэка, вольны форум. Цяпер гэтыя правы папіраюцца на заканадаўчым узроўні», – кажа ўдзельнік пратэсту.

ФСБ і расейскі МУС пачне блакаваць ананімайзеры ўжо сёлета ў лістападзе, у той час як блакаваць мэсэнджары, што адмовяцца адкрыць службам звесткі карыстальнікаў, пачнуць налета. Чакаюць, што гэтыя рэгуляцыі могуць павялічыць кошт тэлефонных ды інтэрнэт-паслугаў у два-тры разы.

 

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu; фота – Sergei Fadeichev/TASS