У Рагачове замест пляжа – сметнік парослы хмызняком


Лета ў Беларусі ў самым разгары, а таму кожнаму, бадай, хочацца акунуцца ў ваду ці пазагараць, пры гэтым пажадана побач з месцам, дзе жывеш. Аднак ці заўсёды гэта магчыма? Спраўджваем на прыкладзе Рагачова.

У горадзе – дзве рэчкі, Друць і Дняпро, а з адпачынкам на вадзе – складанасці. Месца для купання ў межах гораду – у занядбаным стане.

Жыхары Рагачова:

«Які гэта пляж? Пляж мае быць добраўпарадкаваным, каб людзі адпачывалі. Усё засмечана, каму гэта трэба?»

«Там нічога не абсталяванае таму і не ходзяць. Для дзяцей нічога няма. Адну распраналку зрабілі і ўсё?»

Вось тут маюць адпачываць жыхары 35-цітысячнага Рагачова, не выязджаючы з гораду. Пра тое, што тут месціцца гарадскі пляж, нагадваюць толькі дзве таблічкі, якія вызначаюць яго межы, стэнд з адпаведнымі плакатамі-папярэджаннямі ды буйкі на вадзе.

Берагі «пляжу» зараслі хмызняком, сход да вады стромкі і брудны, вада засмечаная, а загародка для дзяцей з берагу амаль не бачная. На беразе скасілі і не прыбралі траву, а асцём, што засталося пасля пакосу, можна параніць ногі. Таму рагачоўцы выбіраюць для адпачынку пераважна іншыя месцы.

Жыхары Рагачова

«Я люблю на Камарына ездзіць, і калі свая машына ёсць – да санаторыя, там пясочак і штосьці ёсць».

«Купацца – пераважна ў вёску ездзяць, на лецішча. Хто куды».

Але так было не заўсёды.

«Тут было раней нармальна тут людзей была куча, кустоў не было і быў пясочак уніз», – распавядае мясцовы жыхар Алег Казлоў.

У сённяшнім стане гарадскога пляжу рагачоўцы вінавацяць мясцовую ўладу.

«Праехаў усю Беларусь – такога раёну запушчанага не бачыў: прыгожае месца, дзве рэчкі, лес навокал залатое месца, але няма гаспадара», – кажа жыхар Рагачова Рыгор Акінчыц.

«Улады вінаваты, хто яшчэ? Ну, яшчэ і пасіўнасць людзей нашых. Ніхто не падымае пытання, таму так і атрымліваецца», – кажа жыхарка Рагачова.

Мясцовым уладам на належнае добраўпарадкаванне нестае сродкаў. Намесніца кіраўніка ЖКГ у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва рагачоўскага райвыканкаму Святлана Казакевіч патлумачыла, што афіцыйна гэты ўчастак ля вады нельга назваць пляжам – гэта месца вызначанае для купання. У планах жа – і паляпшэнне падыходаў да вады, і ўсталяванне навесаў на беразе.

Ірына Дарафейчук belsat.eu