У Польшчы распачаўся сёмы сезон праекту «I, Culture Orchestra»


Сёлета больш за сто самых таленавітых музыкаў выступаюць пад кіраўніцтвам сусветна вядомага дырыжора Андрэя Барэйкі.

«Мне вельмі падабаецца працаваць з маладымі. Маладыя музыкі яшчэ не паспелі стаміцца ад жыцця, ад музыкі. Ім нечага заўжды хочацца, яны гатовыя шмат рэпетаваць, слухаць, змяняцца. Гэта ўсё цудоўна», – кажа Андрэй Барэйка.

Трапіць у аркестр не надта проста. Музыкі мусяць прайсці двухэтапавы адбор. Але не толькі вынікі складанага экзамену сведчаць пра выбітнасць выканаўцаў. Важна не проста граць, але і адчуваць музыку, дзеяць згодна з кантэкстам.

«Ініцыятывы, якія яднаюць людзей у супольным выкананні класічных твораў, бясцэнныя», – мяркуе Станіслаў Лешчынскі, дырэктар фестывалю «Шапэн і ягоная Еўропа».

Карпатлівыя рэпетыцыі з раніцы да ночы, пераадольванне моўных і культурных бар’ераў ды праца ў вялікім калектыве непазбежна прыводзяць да поспеху і гучных апладысментаў удзячных гледачоў у розных краінах.

У аркестры, між іншага, бяруць удзел і нашыя суайчыннікі.

«I, Culture Orchestra» дапамагае маладым музыкам адкрыць тое, чаго няма ў іншых і развіць таланты. На працягу праекту мы маем зносіны з рознымі людзьмі», – заўважае Карэн Саакян, удзельнік праекту з Беларусі.

Адчуваць сябе часткаю цэлага маладым музыкам дапамагае не толькі дырыжор, але і дасведчаныя салісты. Аўстрыец Бэньямін Шмід лічыцца адным з самых вядомых і рознабаковых скрыпачоў у свеце.

Праект-мара для маладых выканаўцаў быў створаны ў 2011 годзе ў Варшаве на ініцыятыву Інстытуту Адама Міцкевіча. За сем гадоў плённай працы некалькі сотняў удзельнікаў з розных краінаў свету (пераважна гэта Польшча і краіны «Усходняга партнёрства») паспелі выступіць на самых прэстыжных фестывалях і вядомых пляцоўках – сярод іншага, гэта Эдынбургскі міжнародны фестываль, Бэрлінская філармонія, Каралеўская зала Лондану і нават Майдан незалежнасці ў Кіеве. Сёлета музыкі наведаюць Нямеччыну, Украіну, Італію і Беларусь.

«Музыка – гэта міжнародная мова. Шмат людзей з розных краінаў граюць разам. Гэта выдатна!» – кажа Тым Джэнкінз, кіраўнік духавога аддзялення з Вялікай Брытаніі.

19 жніўня ў Менску адбудзецца бясплатны канцэрт «Класіка ля Ратушы», дзе ўдзельнікі праекту выканаюць «Фантастычную сімфонію» Бэрліёза і «Мазур» з оперы Манюшкі. Распачынаецца ж турнэ ў сталіцы Польшчы – у Нацыянальнай філармоніі, усе квіткі даўно раскупленыя. Мэта арганізатараў – паказаць падарожжа па Еўропе праз гады і стылі, пазбываючыся бар’ераў. Вядома, з дапамогай, музыкі.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu