У нелюбімай позе: Лукашэнка едзе ў Сочы


Пабачыцца, каб грунтоўна абмеркаваць усе набалелыя пытанні. Лукашэнка едзе ў Сочы на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Нафтагазавы канфлікт, харчовыя войны, узбраенне беларуска-расейскай мяжы. Пра што яшчэ будуць размаўляць кіраўнікі Расеі і Беларусі ды да чаго ўрэшце могуць дамовяцца?

Аляксандр Лукашэнка не сустракаўся сам-насам з Уладзімірам Пуціным больш за год. Цяпер жа расейскі кіраўнік сам выклікае да сябе беларускага. Аб чым яны будуць размаўляць і ці прыйдуць да нейкага кампрамісу?

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна мусіць адбыцца ў межах Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савету ў Сочы ў бліжэйшы панядзелак. Са словаў кіраўніка Беларусі, перамовы тэт-а-тэт наспелі ўжо даўно і павінны вызначыць кірунак далейшай супрацы дзвюх краінаў.

«Калі Расея нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж, сустрэнемся вось з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні: трэба вызначацца. Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, ну тады што мы? Тады будзем шукаць шчасця ў іншым месцы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

А знайсці паразуменне трэба і ў пытаннях экспарту беларускага харчавання, і ў нафтагазавых пагадненнях, і ў пастаўках расейскага ўзбраення Беларусі. Таксама і ў пытанні беларуска-расейскай мяжы, асабліва актуальным у свеце хуткага чэмпіянату свету па футболе ў Расеі, які пачнецца практычна праз месяц.

«Вось візавае пытанне. Анансавалася, што да канца першага кварталу будзе дасягнутае пагадненне на тэму ўзаемнага прызнання віз. І пытанне перасячэння беларуска-расейскай мяжы грамадзянамі трэціх краін будзе вырашанае», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

У той жа момант, Беларусь і Расея маюць розны парадак дня ў кантэксце двухбаковых дачыненняў. Калі для беларускага боку больш актуальныя праблемы гандлёва-эканамічнага характару, то для Расеі…

«І тут хутчэй за ўсё трэба чакаць, што Расея зноў уздыме пытанне пра паглыбленне ваенна-палітычнай інтэграцыі, уключаючы стварэнне расейскіх ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі», – мяркуе палітолаг Арсень Сівіцкі.

Таксама і эканамічныя пытанні не застануцца без увагі. Хоць Беларусі і не варта чакаць нейкіх сапраўды прарыўных дасягненняў і прэферэнцый з расейскага боку.

«З аднаго боку Расея разумее, што Беларусі трэба дапамагаць, таму што эканамічны крах саюзніка Расеі нявыгадны. А з іншага боку зразумела, што кіраўніцтва Расеі ў канцэнтраваным выглядзе ёсць лабіст камерцыйных інтарэсаў расейскіх фірмаў», – адзначае Валер Карбалевіч.

Эксперты адзначаюць, што пасля перамоваў будзе дасягнуты пэўны кампраміс, які задаволіць інтарэсы як Лукашэнкі, гэтак і Пуціна. Аднак гэта зусім не азначае, што праблемы ў двухбаковых стасунках будуць вырашаныя.

«Па тых рашэннях, якія хвалююць Менск, будзе прынята нейкае палітычнае рашэнне Уладзімірам Пуціным, але на ўзроўні ніжэй – на ўзроўні розных міністэрстваў, агенцыяў, яны будуць проста ігнаравацца і не выконвацца. І тыя канфлікты, якія мы раней назіралі, будуць заставацца і нават паглыбляцца», – упэўнены палітолаг Арсен Сівіцкі.

Адпаведна, гэта ў чарговы раз выклікае жорсткую рэакцыю з боку кіраўніка Беларусі і патрабаванне «спыніць нас нахіляць». Замкнёнае кола.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»