У Менску з’явілася футбольная каманда, у якую бяруць усіх жанчын


Жыхаркі Менску аб’ядналіся ў супольнасць, і разам змагаюцца са стэрэатыпамі ды займаюцца традыцыйна мужчынскімі відамі спорту.

У Менску адкрылася ўнікальная футбольная школа для жанчын-аматарак. Праект паўстаў на базе ініцыятывы «Здольная», які ўжо на працягу двух гадоў імкнецца зрабіць традыцыйна «мужчынскія» віды спорту даступнымі для беларускіх жанчын.

«Існуе вельмі шмат сацыяльных стэрэатыпаў, з якімі сутыкаецца жанчына, якая, напрыклад, хоча пагуляць у футбол ці ў амерыканскі футбол, ці ў рэгбі, ці ў іншы від спорту, які традыцыйна лічыцца мужчынскім, таму ідэя стварэння гэтай футбольнай школы была ў тым, каб неяк супрацьстаяць такім стэрэатыпам», – кажа стваральніца школы Ганна Бандарэнка.

Бяруць усіх, не зважаючы на сённяшні ўзровень падрыхтоўкі, вагу цела, або форму ўдзельніц. Трэнеры імкнуцца стварыць бяспечны асяродак, дапамагчы пераадолець унутраныя бар’еры ды навязаныя абмежаванні, ды матывуюць жанчын да актыўнасці.

«Актыўнасць мусіць быць даступна любой жанчыне. Мы прызначылі спецыяльную стыпендыю, на якую можа прэтэндаваць любая жанчына, якая не можа аплачваць кошту абанементу. У сувязі з гэтым мы цяпер шукаем партнёраў з боку бізнесу, якія захочуць падтрымаць сацыяльны кампанент нашай ініцыятывы», – працягвае Ганна Бандарэнка.

Дзяўчаты адзначаюць, што на трэнаванне іх прывёў запал да гульні ў футбол, які сёння цяжка рэалізаваць.

«У сучасным свеце моладзь больш не гуляе ў двары, нават няма месца, дзе пагуляць. Нават калі ёсць школьныя стадыёны, то ўсё адно там мала хто гуляе. А сярод жанчын увогуле не сустракаецца, там адны хлопчыкі гуляюць, таму вельмі цяжка знайсці месца», – кажа ўдзельніца трэнавання Алега Богук.

«Я была ў іх на трэнаванні на рынгу, гэта было першы раз. Потым я пачала сачыць за гэтым, я ведаю арганізатараў гэтых праектаў, мне вельмі падабаецца, выдатна», – дадае ўдзельніца трэнавання Ганна Матыль.

Дарэчы, мужчынам футбалістам-аматарам, якія назіралі, як трэнуюцца жанчыны, відовішча спадабалася.

Арганізатаркі праекту падкрэсліваюць, што пасля заняткаў жанчыны становяцца больш актыўнымі і ў сацыяльным жыцці, павышаецца самаацэнка ды ярчэй выяўляюцца лідарскія якасці.

Вольга Чайчыц