У Менску ўшанавалі памяць ахвяраў Галадамору


Памяць пра 83-юю гадавіну Галадамору на тэрыторыі Украіны ўшанавалі ў менскім чырвоным касцёле.

У малебне ўзялі ўдзел як менчукі, гэтак і афіцыйныя асобы ўкраінскай амбасады.

«Галадамор – гэта не проста галадамор, гэта было вынішчэнне ўкраінскага сялянства, найбольш свабодалюбівую частку Украіны, намагаліся знішчыць, забіць дух Украіны», – адзначае часовы павераны ў справах Украіны Валерый Джыгун.

У 1932–1933 гадах большая частка сучаснай Украіны галадала. Голад штучна справакавала тагачасная савецкая ўлада. Частка краінаў, у тым ліку Польшча і ЗША, на афіцыйным узроўні прызналі Галадамор генацыдам украінскай нацыі.

«Гэта была сапраўды трагедыя ўкраінскай нацыі, якую ў той час намагалася знішчыць Расейская імперыя», – кажа першы сакратар амбасады Украіны ў Беларусі Марыя Гуцал.

Чытайце таксама >>> Віну НКУС за растрэлы палякаў у Катыні прызнаў увесь свет, акрамя… аўтараў беларускіх падручнікаў

Апроч тэрыторыі Украіны, Галадамор у 1930-ыя гады мінулага стагоддзя закрануў тэрыторыі Паўночнага Казахстану, Заходняй Сібіры, Паволжа. Але найбольш жахлівыя маштабы голад набыў ва Украіне. Праз Галадамор, паводле розных падлікаў, там памерлі ад 2 да 6 млн асобаў.

«Хоць бы тое, што моляцца ў Касцёле, хто-ніхто пачуе і задасць сабе пытанне, так, мы молімся за ахвяры Галадамору», – кажа верніца Чырвонага касцёлу.

Іншы вернік заўважае:

«Людзі ўсе браты, і такія рэчы ніколі нельга забываць, бо гэта можа паўтарыцца».

У Беларусі, паводле гісторыка Ігара Кузняцова, Галадамор больш за ўсё праявіўся на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Агулам у 1930-ыя ад голаду памерлі ад 100 да 500 тыс. беларусаў. Гісторык нагадвае, Галадамор адбываўся на фоне індустрыялізацыі, хлеб забіралі ў сялянаў, і, у тым ліку, і за гэтыя сродкі савецкія ўлады будавалі новыя заводы.

«Заканчэнне масавай калектывізацыі супала з пачаткам голаду, бо былі разбураныя гаспадаркі. Я прывяду прыклад, у Гомельскім раёне, з 95 калгасаў, у 45-ці не было харчоў не толькі ў калгасе, але і ў калгаснікаў. Гэта было ў даведцы АГПУ», – адзначае гісторык Ігар Кузняцоў.

Як адная з самых трагічных старонак гісторыі, Галадамор у народнай памяці захаваўся разам з «законам аб трох каласках». Паводле гэтага закону, сялянам, якія дазволілі б сабе ўзяць хоць нешта з калгаснай гаспадаркі, пагражала або 10 гадоў зняволення, або расстрэл.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu