У Менску ўлады збіраюцца знесці больш за 400 прыватных дамоў. Людзі абураныя


Былі дамы для 400 сем’яў, на іх месцы паўстануць кватэры для чатырох тысяч сем’яў. Такая логіка сталічных ўладаў, што хочуць забраць у людзей зямлю ды зруйнаваць іх жытло. За гэта абяцаюць грашовую кампенсацыю. Але ці ў стане яна кампенсаваць страту зямлі і дому, які чалавек будаваў і дапешчваў усё сваё жыццё? Ці прыйдуць да кампрамісу ўлады і жыхары вуліцы Арлоўскай, наконт забудовы якой акурат распачаліся слуханні?

Вуліцы Шчадрына, Нававіленская, Старавіленскі тракт, Арлоўская, Кахоўскага ды Чарвякова. Да 2030-га года больш за 400 прыватных дамоў тут знясуць. Больш за дзве тысячы чалавек – на рассяленне. А таму ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну на слуханні прыходзяць цэлымі сем’ямі.

Паводле генеральнага плану, на вызваленым месцы збудуюць больш за 4000 новых кватэраў, пры гэтым колькасць жыхароў раёну павялічыцца ў некалькі разоў.

Са словаў чыноўнікаў, знос жылішчаў можа распачацца ўжо ў наступным годзе. Праўда, ані інвестара ані забудоўніка яшчэ не знайшлі. І частка жыхароў раёну ўжо шмат гадоў жыве, як кажуць, на валізках. Адбудоўвацца нельга. З‘язджаць – няма куды.

Ушчыльняць раён збіраюцца, не зважаючы на тое, што кіраўнік краіны калісьці наракаў на празмернае будаўніцтва ў сталіцы.

«Ну, можа быць, ужо і не трэба занадта ўшчыльняцца ў Менску. Насельніцтва ўжо пачынае крыўдаваць», – казаў раней Лукашэнка.

Сярод пакрыўджаных – і сямʼя Янушэўскіх. У гэтым доме на вуліцы Арлоўскай іх вырасла не адно пакаленне. Цяпер зносяць.

«Я б не супраць, каб далі, да прыкладу, сыну двухпакаёвую, і мне, хоць бы з былым мужам – двухпакаёвую. А калі так будуць даваць, што нам нічога няма, і мы будзем губляць свой дом, то шкада», – кажа жыхарка вуліцы Арлоўская Зоя Янушэўская.

Яшчэ адна праблема – памер кампенсацыяў уласнікам зямлі. У некаторых выпадках кошт на яе разам з адбудаваным жытлом раўняецца некалькім кватэрам у Менску.

Мясцовыя жыхары кажуць:

«Я гэты дом падымаў заместа хлява, падымаў 12 гадоў. Паклаў там здароўе, але я так зразумеў, што гэта тут нікому не цікава».

«У нас катэдж новы. А калі будуць зносіць, а ў мяне сям’я вялікая, то як будзем дзяліць?»

«Пераедуць, як і нас пераехалі. Трактар, бульдозер падгоняць, і будуць чысціць. Як і нас, закручвалі з міліцыяй рукі, забіралі апошні ўчастак, так і будзе паўсюль, бо гэта краіна, гэта ідзе палітыка. Разумееце, яны забіраюць участкі каштоўныя і даюць гэтыя шпакоўні».

«Зямля ўвесь час даецца Дашы, там, Сашы, усім прыбліжаным… Ну, калі вы ў нас забіраеце зямлю, то дайце зямлю! Мы згодныя нават за кальцавой!»

Указ кіраўніка краіны № 58 гарантуе прыватным уласнікам АДПАВЕДНУЮ зямлю ў якасці кампенсацыі, але на сёння вядома, што вольных надзелаў у Менскім раёне няма. Толькі з аўкцыёну. Чыноўнікі не жадаюць размаўляць з журналістамі, таму адказ атрымліваем хітрыкамі, пад дыктафонны запіс.

«Такая практыка цяпер не праводзіцца горадам, як вылучэнне зямельных надзелаў наўзамен адабраным. Як правіла, кампенсуюць грашыма за прыватную ўласнасць», – кажа Вікторыя Далгоўская з адміністрацыі Цэнтральнага раёну.

Пераважная большасць жыхароў прагаласавалі супраць ушчыльнення, бо ўпэўненыя: рассяляць будуць не ў самыя лепшыя раёны і ў неадпаведныя кватэры. Пакуль жыхары арганізоўваюцца ў каардынацыйныя групы. Наперадзе – збор подпісаў і скаргі ў суды.

Таццяна Уласенка, «Белсат»