Аб'ектыў 23.09.2017 У Менску прайшоў 20-ы Кубак Свабоды імя Генадзя Карпенкі


Удзел у спаборніцтвах традыцыйна ўзялі прадстаўнікі дэмакратычнага руху. Чым скончылася змаганне за Свабоду на футбольным полі – у нашым відэасюжэце.

Спаборніцтвы паміж дэмакратычнымі партыямі і рухамі на футбольным полі. І гэтак – ужо цягам 20-ці гадоў. У Менску прайшоў чарговы, юбілейны Кубак Свабоды. Сёлета ўдзел у ім узялі 8 розных камандаў.

«Тут удзельнічаюць не толькі палітычныя партыі і рухі, але і журналісты. Вось мы адпомсцілі сёння журналістам!» – жартуючы кажа старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Не зважаючы на тое, што некаторыя партыі ўжо даўно ў кааліцыі, сёння ім давялося граць па розныя бакі футбольнага поля. А ў перапынках паміж гульнёю – праводзіць і сапраўдныя палітычныя перамовы.

«Вось я пайшоў на тую паляну, сустрэўся там з Губарэвічам, там – з Севярынцам паразмаўляў. Тут бачу Аляксея Янукевіча. Ну, супер, значыць можна паміж матчамі, паміж гульнёй і паразмаўляць», – распавядае Анатоль Лябедзька.

Кубак Свабоды – турнір з пазітыўным дасье. Яго ладзяць з 1997-га года. Тады спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, і актыўны ўдзел у іх узяў патэнцыйны кандыдат на пост прэзідэнта Генадзь Карпенка. Пасля нечаканай і загадкавай смерці палітыка турнір назвалі ягоным іменем. Гэтак турнір і зрабіўся традыцыйным.

Сяргей Гарай з Беларускай асацыяцыі журналістаў згадвае Генадзя Карпенку:

«Акрамя таго, што ён быў і палітыкам, і гаспадарчым дзеячам, працаўніком, ён быў прафесійным футбольным арбітрам».

Людзі, на жаль, сыходзяць, але памяць пра іх застаецца. Цяпер штогод палітыкі дыскутуюць не толькі за сталом у касцюмах ды гальштуках, але і выходзяць на спартовую пляцоўку ў нефармальных абставінах, каб пазмагацца за перамогу. Якая сёлета, дарэчы, за БНФ. Другое месца занялі гульцы з партыі АГП, а замкнуў тройку лідараў беларускі рух «За свабоду».

Сваймі ўражаннямі пра турнір дзеліцца палітык Павел Севярынец:

«Гэты турнір класны, таму што мы бачым тут так шмат змагароў, якія выходзяць і на мітынгі, і ўдзельнічаюць у партыйнай рабоце, а зараз бʼюцца, як сапраўдныя героі, на футбольным полі. Вось такія мужчыны патрэбныя сённяшняй Беларусі. Спадзяюся, пасля такіх трэніровак на футбольным полі, мы дамо і палітычны вынік».

Аднак не ўсе гатовыя падзяліць такое меркаванне.

«У некаторых ёсць футбольныя каманды, а на самой справе няма ніякага палітычнага руху за гэтую каманду. Затое каманда ёсць. Гэта кажа пра тое, што для некаторых людзей футбол больш важны, чым палітыка, і больш паспяховая сфера дзейнасці. Я думаю, трэба задумацца пра гэта», – кажа журналіст Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

А задумвацца, між іншым, трэба пачынаць і пра вылучэнне адзінага кандыдата на найбліжэйшыя прэзідэнцкія выбары. Бо ў палітыцы, як і ў каманднай гульні, важнае адзінства.

«Можна хоць манетку падкідваць. Я лічу, што сярод сённяшніх лідараў беларускай апазіцыі практычна ўсе гатовыя кіраваць краінай лепш, чым Лукашэнка. І таму для нас прынцыпова важна будзе дамовіцца, вось гэты камандны дух, які выпрацоўваецца на падобных турнірах, захаваць і для палітыкі», – працягвае Павел Севярынец.

Ці захаваецца камандны дух і ў палітыцы – пакажа час. Час перамоваў, сустрэчаў і пошуку. Вядома, дзеля перамогі.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары