Аб'ектыў 08.01.2017 У Менску прагучалі хіты культавага альбому «Сьвяты вечар 2000»


14 гадоў цішыні, і вось нарэшце ў Менску зноў загучалі любімыя беларусамі песні з культавага альбому «Святы вечар 2000».

Абсурд, але паўтара дзесяцігоддзя музыкам, сярод якіх Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Вераніка Круглова проста не давалі дазволу заспяваць разам у Беларусі.

«Стала магчымым час ад часу ладзіць нешта ў Беларусі. Павольна, марудна, але пачынае віднецца святло ў канцы тунэлю. І нагода ёсць – свята, Святы вечар», – кажа Зміцер Вайцюшкевіч.

У адрозненне ад леташняга, адрэпетаванага да дробязяў, «рэінкарнаванага» «Белсатам» «Народнага альбому», у якім удзельнічаюць і Вайцюшкевіч, і Вольскі, і Памідораў, аднаўленне «Святога вечара» у галерэі «Дом карцінаў» – зʼява абсалютна спантанная.

Як нарадзілася ідэя выступу, распавядае Лявон Вольскі:

«Дзіма Папоў, наш агульны сябра, які кіруе гэтай галерэяй пазваніў нам усім і кажа: «Давайце зробім гэта ўсё!» Мы без ніякай падрыхтоўкі вырашылі: чаму не? Вось і ўсё!»

«Аказалася, што і ручкі памятаюць, як граць і галовы тэксты памятаюць», – дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Памідораў.

Нягледзячы на дробныя хібы, праз несыгранасць музыкаў, у зале панавала вельмі цёплая атмасфера. Слухачы, частцы з якіх нават не хапіла месца, стаялі ў праходах ды сядзелі на падлозе. Большасць ведалі тэксты напамяць і спявалі разам з выканаўцамі.

І ў гэты калядны час, калі, як спяваюць, здараюцца цуды, хочацца верыць, што нам не прыйдзецца чакаць наступныя 14 гадоў, каб слухаць любімых беларускіх музыкаў у роднай краіне.

Глядзіце таксама:

Глядзі таксама
Каментары