У Менску перапахавалі парэшткі Магдалены Радзівіл, каб аб’яднаць беларусаў


Вяртанне парэшткаў Магдалены Радзівіл на родную зямлю і выкананне апошняй волі мецэнаткі беларускай культуры пачатку XX стагоддзя – сёння адбылася надзвычай значная падзея для Беларусі.

Адмысловую ўрну з прахам прывезлі ў Менск яшчэ летась, 15-га ліпеня, а сёння адбылася цырымонія перазахавання ў касцёле Святога Роха.

У менскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы ўрачыста перапахавалі парэшткі Магдалены Радзівіл. Нашчадкі беларускай асветніцы ды мецэнаткі імкнуліся, каб гэтая падзея мела не палітычны, а патрыятычны характар.

«Мы хацелі, каб гэтая падзея звязвала беларусаў а не дзяліла», – кажа князь Мацей Радзівіл, нашчадак роду Радзівілаў.

Праўнук Магдалены Радзівіл Адам Замойскі распавядае:

«Як сям’я мы вельмі ўсцешаныя, бо ведаем, што не толькі яна будзе тут у сябе і людзі будуць за яе маліцца, але яна будзе натхняць людзей тут».

Марыя Магдалена Радзівіл нарадзілася ў Варшаве, але гадавалася на Меншчыне, лічыла сябе беларускай і шмат зрабіла для беларускае культуры. На пачатку XX стагоддзя яна дапамагала грашыма беларускім газетам, фінансавала выданне беларускіх кніг.

«Толькі дзякуючы яе фінансаваму ўкладу зʼявіўся «Вянок», і сведчанне гэтаму – яе герб на вянку, так што Максім Багдановіч, сённяшні класік, адбыўся дзякуючы ёй. І не толькі ён – іншыя пісьменнікі атрымалі свае выданні», – кажа пісьменнік Анатоль Бутэвіч.

Дзякуючы намаганням Магдалены Радзівіл у шэрагу рэгіёнаў Беларусі працавалі беларускія школы, мецэнатка плаціла стыпендыі беларусам, якія вучыліся ў Пецярбурзе, падтрымлівала там беларускую бібліятэку. Падчас Першай сусветнай вайны Магдалена Радзівіл адкрывала прытулкі для сіротаў і шпіталі, ахвяравала сродкі на рэлігійную дзейнасць.

«Выглядае сімвалічным, што сённяшняя падзея вяртання праху Магдалены Радзівіл, нашае арыстакраткі, мецэнаткі, на радзіму адбываецца напярэдадні стагоддзя БНР. Магдалена Радзівіл вітала абвяшчэнне незалежнасці БНР, падтрымлівала яе ідэалы», – заўважае пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Магдалена Радзівіл і Эдвард Вайніловіч, Тэрэза Гардзялкоўская і Эмэрык Чапскі – мецэнатаў у Беларусі было нямала, але далёка не кожны ведае іхныя імёны. Роля ж іх у культуры не заўсёды відавочная, але вельмі важная. Каб бліжэй пазнаёміць беларусаў з дзейнасцю дабрачынцаў, для ахвотных ладзяцца адмысловыя вандроўкі.

«У наступную нядзелю мы плануем вандроўку, прысвечаную Магдалене Радзівіл, Якубу Наркевічу-Ёдку, якому ў студзені споўнілася 170 год і Чапскім. Эмерыку Чапскаму ў гэтым годзе 190. Вандроўка называецца «Дабрачыннае менскае кола», яна прысвечаная беларускім дабрачынцам», – распавядае арганізатарка культурніцкіх вандровак Валерыя Чарнаморцава.

Магдалена Радзівіл зʼехала з Беларусі ў 1917-ым. Вяртанне мецэнаткі праз сто гадоў абʼядноўвае беларусаў – перазахаванне ейных парэшткаў адбылося дзякуючы супольным намаганням грамадскасці, уладаў, рэлігійнай супольнасці і беларускае дыяспары.

ІД, belsat.eu