У Менску пачалося святкаванне 100-годдзя БНР - мітынг-канцэрт у Кіеўскім скверы сабраў больш за 200 чалавек


Святкаванне стагоддзя абвешчання Беларускай народнай рэспублікі пачалося! Святочны мітынг і канцэрт у Кіеўскім скверы Менску зладзілі прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Папярэдне дазволеная Менгарвыканкамам акцыя сабрала больш за 200 чалавек.

Удзельнікі акцыі кажуць:

«Сярод народаў – і еўрапейскіх, і ў свеце, мы ёсць – беларусы. Дзякуючы той сакавіцкай падзеі 1918-га года, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Таму гэта вялікае свята».

«Мы святкаваць будзем, мабыць, цэлы год! Гэта ж значная падзея, гэта вялікая падзея і яе трэба святкаваць усёй Беларуссю».

«Але галоўнае – каб гэта незалежнасць адбылася вось тут (у галаве), у людзей».

Арганізатары паведамілі, што разглядаюць гэтую акцыю як пралог да ўрачыстага мітынгу і канцэрту, які адбудзецца 25-га сакавіка каля Вялікага тэатру оперы і балету ў Менску.

«Гэта ўсё ідзе ў шэрагу святкаванняў, адно другому не замінае. Святкаванне 25-м сакавіка не заканчваецца. Гэта ўвесь год будзе святкаванне», – заявіў адказны сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі.

На акцыі зачыталі вітальны ліст ад старшыні партыі КХП-БНФ Зянона Пазняка, які назваў абвешчанне БНР вельмі важнаю падзеяй у развіцці нашай нацыі.

Акцыя стала добраю нагодай для збору сродкаў на важныя для беларускай ідэі справы – грашыма падтрымоўвалі народны мемарыял у Курапатах, а таксама ўсталяванне памятнага каменя да сотых угодкаў БНР у скверы каля тэатру Янкі Купалы. Менавіта там, у снежні 1917-га, адбыўся Першы ўсебеларускі з’езд.

Удзел у сённяшняй імпрэзе бралі, сярод іншага, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Антончык, былы фігурант справы «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі ды мастак Алесь Марачкін. За музычную ж частку адказвалі Зміцер Вайцюшкевіч, Андрусь Такінданг, Андрэй Мельнікаў ды іншыя выканаўцы.

«25-га сакавіка і па юліянскім, і па грыгарыянскім календары – гэта дабравешчанне, час, калі прыйшла добрая вестка ў свет. Так што я вельмі ўзрадаваны, што гэтыя святы супадаюць з Днём Волі», – кажа бард Андрэй Мельнікаў.

Узнёслыя настроі, імаверна, пратрымаюцца і да заўтра. Сіноптыкі абяцаюць у Менску нават да 7 градусаў цяпла.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»