У Менску «мадэрнізуюць» могілкі – пілуюць дрэвы і крыжы


Пачулі працу бензапілы ды пабачылі высяканне дрэваў. Аказалася, высяканне – гэта не адзінае, што адбываецца цяпер на сталічных Вайсковых могілках. Камунальнікі руйнуюць магільныя агароджы і разбіваюць старыя надмагіллі.

Замест іх усталююць падгалоўнікі адзінага ўзору. З Вайсковых могілак плануецца зрабіць гістарычна-мемарыяльны комплекс. Але ня ўсім менчукам даспадобы гэтая ідэя.

«Мадэрнізацыяй» і «добраўпарадкаваннем» вайсковых могілак называюць працаўнікі сталічнага «Зялёнбуду» высяканне дрэваў. Паводле ж жыхароў сталіцы, іхнага меркавання наконт гэткай «мадэрнізацыі» ніхто не запытваўся.

Намеснік дырэктара спецкамбінату КБА паведаміў, што дрэвы пілуюцца, бо яны «гнілыя». Пры гэтым ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць ягоныя словы, а таксама дазвол на высяканне, ён не паказаў.

«У планах спілаваць не ўсе дрэвы, а толькі аварыйна небяспечныя і сухастойныя. І гэта работа выконваецца», – кажа намеснік дырэктара спецкамбінату КБА Сяргей Тур.

Некаторыя мясцовыя жыхары абураныя знішчэннем фактычна паркавай зоны і звяртаюць увагу на шматлікія парушэнні пры правядзенні працаў для добраўпарадкавання могілак.

«Я патэлефанаваў у міліцыю, прыехаў адзін супрацоўнік. Яны трохі паразмаўлялі. Ён таксама супрацоўніку не паказаў ніякіх дакументаў. Хоць у яго павінныя былі быць фотаздымкі дрэваў, якія ён зразае. Я паехаў у Савецкі РУУС, каб напісаць заяву», – распавядае мясцовы жыхар Аляксандр Гікала.

Дрэвы – не адзінае, што на Вайсковых могілках закранула гэтак званая мадэрнізацыя. Камунальнікі дэмантавалі шэраг крыжоў помнікаў ды агароджаў. Паводле сваякоў людзей, пахаваных на могілках, іх пра гэткія захады ніхто не папярэдзіў.