У Магілёве ўдзельнікі ініцыятывы «Адкрыты горад» пазмагаюцца за дэпутацкія крэслы


Калі адняць усе перадсвяточныя дні ды святы, часу на выбарчую кампанію ў мясцовыя саветы практычна і не застанецца. Подпісы можна збіраць акурат да праваслаўных Калядаў. Менавіта таму 11 магілёўцаў, якія рэпрэзентуюць ініцыятыву «Адкрыты горад», ужо тыдзень ладзяць пікеты ў розных раёнах абласнога цэнтру.

«Мы ідзем як каманда, я далучыўся да каманды «Адкрыты горад», каб паспрабаваць нешта зрабіць. Калі ўсе пройдуць міма, то нічога не адбудзецца. Калі я сёння скажу: давайце паспрабуем, другі скажа, нас можа быць, пачуюць», – кажа патэнцыйны кандыдат на дэпутацтва Аляксей Каралёў.

Каманда аб’ядноўвае людзей, якія не дэкларуюць датычнасці да палітычных партыяў. А акцэнт робяць перадусім на пытаннях гарадской інфраструктуры: лепшыя дарогі ці, напрыклад, захаванне Пячэрскага лесапарку.

«У гарсавет дэпутатаў я іду, бо лічу, што Магілёву не хапае дакладных кіраўнічых рашэнняў. Працэсы, якія адбываюцца ў горадзе, іх можа аптымізаваць і гэта ў значнай ступені палепшыла б побыт гараджанаў. Горад можна зрабіць больш утульным і цікавым», – кажа патэнцыйны кандыдат на дэпутацтва Аляксандр Лазараў.

Каб зарэгістравацца кандыдатам на дэпутацтва ў мясцовы савет праз збор подпісаў, неабходна сабраць не менш за 100 аўтографаў. Усе сябры кампаніі «Адкрыты горад» зазначаюць, што перакрочылі гэтую мяжу, але пікеты плануюць рабіць да Новага года.

Магілёўцы падпісваюцца ахвотна, але да працы мясцовых дэпутатаў ставяцца ўжо не так аптымістычна.

«Калі не хадзіць на выбары, значыць не паважаць нашую Беларусь, трэба хадзіць».

«Свае абяцанні яны не выконваюць – раз. Другое – хоць мы і выбіраем, яны далёка ад нас».

«Рабіць можна шмат чаго. Дарогі, дамы рамантаваць, працаваць трэба, хадзіць, глядзець, раіцца з людзьмі. Я напрыклад нікога ніколі не бачыў».

Рэгістрацыя кандыдатаў на дэпутацтва ў мясцовыя саветы адбудзецца з 9-га да 18-га студзеня. І далей ужо зарэгістраваныя кандыдаты будуць мець месяц на агітацыйную кампанію.

АН belsat.eu