У Магілёве чакаюць на адкрыццё «Трыўмфальнай» аркі


Днямі ў Магілёве чакаецца адкрыццё аркі, якую летась пачалі будаваць у гонар 750-цігодзя гораду. Хоць гэты аб’ект мае адсылаць нас да ўсёй гісторыі Магілёва, але пакуль на ім зʼявіліся толькі дзве згадкі з гісторыі: ордэн Вялікай Айчыннай вайны і ордэн Леніна. Адсюль пытанне: як ордэн Леніна звязаны з 750-цігоддзем Магілёва, і наколькі актуальна вешаць гэтую ўзнагароду ў 2018-ым годзе?

Магілёўскую арку мясцовыя жыхары ўжо празвалі «трыумфальнаю», бо занадта нагадвае адпаведны абʼект у Парыжы. Спрэчкі вакол яе не сціхаюць з самога пачатку будаўніцтва. Адная з галоўных прэтэнзіяў – сумнеўная як мастацкая, гэтак і гістарычная вартасць. Уладзімір Краўчанка, Таварыства аховы помнікаў:

«У нашым горадзе былі аркі сапраўды гістарычныя – каменныя. Вось калі б грошы выдаткаваць на аднаўленне гэтых гістарычных арак, якія б захоўвалі нашую гісторыю, гэта было б выдатна. А тут – бяздумны расход грашовых сродкаў».

375 тысяч долараў на будоўлю збіралі ўсім Магілёвам. У гэты кошт уваходзіць не толькі ўзвядзенне самой аркі, але і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яе. Афіцыйна з бюджэту выдаткавалі нуль рублёў. Аляксей Кірыенка, Аб’яднаная грамадзянская партыя:

«Гэта ўжо не першы выпадак. Калі будавалася ратуша ў Магілёве, то было тое ж самае: у добраахвотна-прымусовым парадку ўсіх забавязалі скінуцца грашыма. То бок сабралі грошы з людзей-бюджэтнікаў, сабралі з індывідуальных прадпрымальнікаў. Аднак гэта не сведчыць аб тым, што людзі хочуць гэтую арку».

На арцы зʼявіліся рэльефы з выявамі ордэна Вялікай Айчыннай вайны, якім узнагароджаны Магілёў, і ордэна Леніна, якім узнагароджаная Магілёўская вобласць. Менавіта з апошнім звязаная новая хваля крытыкі ў бок абʼекту. Аляксей Кірыенка, Аб’яднаная грамадзянская партыя:

«Чым мы ганарымся? Леніным ганарымся? Да чаго Ленін увогуле да Магілёва? Ён ні разу не быў у Магілёве ды нічога не зрабіў ні для гораду, ні ўвогуле для Беларусі. Што ў нас, сваіх герояў мала?»

Логікі ў тым, каб увекавечыць Леніна на ўездзе ў горад, не бачаць і самыя жыхары:

«Ніякай логікі не бачу. Я супраць Уладзіміра Ільіча нічога не маю, бо ўсе мы дзеці таго часу, але сувязі цяпер не бачу. Трэба герб гораду, тады ўсім будзе зразумела – і іншапланетнікам, і нашым».

«Магілёў – горад-ардэнаносец перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, але ордэн Леніна якім тут бокам, я не разумею».

«Я думаю, што сувязі тут няма ніякай. Дый увогуле гэтая арка бессэнсоўная. Лепей бы пабудавалі паліклінікі, дзіцячыя садкі і школы».

Як стала вядома «Белсату», першапачаткова планавалі, што на арцы зʼявяцца яшчэ 16 датаў, звязаных з гісторыяй гораду: год заснавання Магілёва, год надання Магдэбургскага права ды іншыя. Аднак у выніку ўлады ад гэтай ідэі адмовіліся.

Міхась Ільін, belsat.eu