У Магілёве адкрылі помнік АМАПу


Міністэрства ўнутраных справаў распавяло навошта.

У Менску ёсць адразу два помнікі сімвалу чэкістаў Феліксу Дзяржынскаму, а нядаўна з’явілася і статуя царскага гарадавога. У рэгіёнах жа мясцовыя ўлады ўшаноўваюць жывых сілавікоў. Помнік магілёўскаму АМАПУ з’явіўся каля будынку магілёўскай базы гэтай – то бок практычна на закрытым аб’екце. Імаверна, што большасць магілёўцаў яго ніколі і не пабачаць.

Урачыстае адкрыццё помніку ў гонар паўстання аддзялення АМАПу пры ўпраўленні ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму прайшло пад акампанемент трэску дошак і цэглы, што ламаліся аб галовы праваахоўнікаў, а таксама іншых паказальных выступаў беларускіх сілавікоў. Як падкрэслілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў – гэта толькі адное з мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю беларускай міліцыі. Пачалося ж адзначэнне круглае даты з адкрыцця іншага помніку.

Аб рэгулярных візітах сілавікоў у культурныя месцы распавёў летась камандзір АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзмітрый Балаба. Між іншага, ён расказаў пра тое, як заспеў дваіх падначаленых за спрэчкаю аб сюжэтных лініях раману «Майстар і Маргарыта». Міністэрства ўнутраных справаў заклапацілася сваім іміджам на пачатку года, калі кіраўнік ведамства адказаў на шквал крытыкі з боку журналістаў і грамадскасці.

Сапраўды – на вуліцы АМАП звычайна пачуваецца больш камфортна, чымся ў іміджавых пытаннях. Гэтак, пасля таго, як анархіст Вячаслаў Касінераў накінуў на помнік царскаму гарадавому сімвалічную пятлю, пракуратура прасіла пакараць яго двума гадамі хатняй хіміі. У гэтай сітуацыі нават беларускі суд абмежаваўся штрафам 5 базавых.

Рэжысёрка Вольга Мікалайчык мяркуе, што «помнік усталяваны, мякка кажучы, заўчасна».

Прынамсі помнік драніку, які, што праўда, ёсць у вёсцы Карасцені Жытомірскай вобласці Украіны, сапраўды б быў успрыняты адназначна пазітыўна. У адрозненне ад заслугаў айчынных сілавікоў.

Усевалад Шлыкаў