У Магілёве 30 гадоў будавалі ВНУ. Цяпер разбіраюць


Чарговыя прыгожыя планы заканчваюцца пшыкам. Вынікам амаль 30-гадовае будоўлі стаўся дэмантаж. У цэнтры Магілёва, непадалёк ад аблвыканкаму, аднавіліся працы на «новым корпусе БРУ». Летась на ягоную кансервацыю выдзелілі грошы, а сёння яго разбіраюць.

Новы спарткомплекс разам з навучальна-лабараторным корпусам Беларуска-расейскага ўніверсітэту будуюць у Магілёве з 1991 года. Будоўля шмат разоў прыпынялася, таму на сёння гатовы толькі шматпавярховы каркас корпусу і гэтак званы нулявы цыкл спартовай залы.

«Паспелі пабудаваць нулявы цыкл, то бок падземную частку, фундамент, які займае значную частку ад кошту аб’екта. А зараз гэтыя грошы падаткаплацельшчыкаў марнуюцца – разбіраюцца ўсе канструкцыі і будуць закапаныя пад валейбольную пляцоўку», – абураецца муляр пятага разраду Аляксей Паўлоўскі.

Студэнты Беларуска-расейскага ўніверсітэту карыстаюцца спартовымі абʼектамі па ўсім горадзе, і новая ўласная зала была б не лішняя.

Навошта разбіраць?

Аляксей упэўнены, што дэмантуюць падмурак спартовай залы праз тое, што аднавіць яго ўжо немагчыма.

Аляксей ужо неаднаразова звяртаўся да адказных асобаў з пытаннем, калі дабудуюць ці хаця б закансервуюць корпус. У красавіку 2016-га актывіст атрымаў адказ ад тагачаснага намесніка старшыні аблвыканкаму Валерыя Малашкі, што на кансервацыю абʼекту выдаткавалі 600 мілёнаў недэнамінаваных рублёў.

«Прыйшоў на прыём да Лаўранкова, памочніка прэзідэнта па магілёўскай вобласці і задаў пытанне – куды дзеліся грошы на кансервацыю. І мне прыйшоў адказ ад Сазонава, рэктара ўніверсітэту, што яны гэтыя грошы не атрымоўвалі і ў сувязі з гэтым працы па кансервацыі не праводзіліся», – падкрэсліў спадар Паўлоўскі.

Актывіст перакананы, што дзяржаўныя грошы аселі ў нечае кішэні, і з гэтае нагоды ўжо скіраваў зварот у Генеральную пракуратуру Беларусі.

Цяпер жа, як вынікае з каштарысу, толькі на дэмантаж выдаткоўваецца больш за Br 20 тыс. Агулам жа, паводле адказу рэктара на запыт Аляксея Паўлоўскага, кошт «карэктавання» абʼекту – Br 236 тыс.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»