У Літве запусцілі гумарыстычнае шоу, дзе жартуюць пра Беларусь


У Літве зʼявілася новая тэлепраграма «Держитесь там», прысвечаная постсавецкай прасторы і, галоўным чынам, Расеі. Ад аўтараў праграмы дастаецца і Беларусі. «Белсат» завітаў папросту ў студыю «Держитесь там» на здымкі чарговага выпуску.

Не вельмі сур’ёзна пра вельмі сур’ёзнае

Менавіта гэтак можна эфектыўна супрацьстаяць інфармацыйнай агрэсіі з боку Масквы, упэўненыя стваральнікі новага сатырычнага шоу з прыбалтыйскім акцэнтам «Держитесь там» – расейскамоўны аналаг папулярнай літоўскамоўнай праграмы пад гэткаю самаю назвай.

Мясцовыя жартаўнікі адною Расеяй не абмяжоўваюцца.

«Добры дзень, дарагія сябры і ўдзельнікі рэгіянальнага чэмпіянату па лоўлі мітынгоўцаў, якія ў апошнія выходныя сакавіка – спаборнічалі дзве зборныя: расейскіх і беларускіх амапаўцаў. Паводле колькасці затрыманых – перамагла Масква! Расея-Расея! Але чакайце! Калі лічыць у адсоткавых суадносінах, тады, вядома ж, перамога – за Менскам. Беларусь-Беларусь!», – жартуе вядоўца праграмы Андрус Тапінас.

Менавіта з гэтага жарту пачынаецца трэцяе выданне «Держитесь там» якое пабачыла свет сёння ў інтэрнэце ды праз адзін з мясцовых кабельных тэлеканалаў. Дарэчы, у камандзе праграмы, апроч літоўцаў і расейцаў, ёсць і нашыя суайчыннікі. А таму заплюшчваць вочы на падзеі ў Беларусі тут ніхто не збіраецца.

«Нам, і як журналістам, і як людзям, якія вераць у дэмакратычныя каштоўнасці, вельмі цяжка глядзець на тое, што дзеецца на вуліцах Менску, да прыкладу, 25 сакавіка. Мы неяк не так уяўляем сабе Дзень Волі», – тлумачыць Андрус Тапінас.

Неверагодны поспех праграмы

Не зважаючы на свой малады век, праграма, якая пачыналася з нулявым бюджэтам, сёння цалкам існуе за кошт глядацкіх ахвяраванняў. Папярэднія ж два выданні толькі на youtube сабралі амаль 150 000 праглядаў.

І гэта нягледзячы на тое, што дагэтуль з расейскага боку заходнія жарты выклікалі найперш крытыку. Пры гэтым аўтары «Держитесь там», якіх некаторыя каментатары нават назвалі «злоснымі клоўнамі», толькі паціскаюць плячыма: маўляў, нікога пакрыўдзіць не хацелі.

Валеры Руселік, Ганна Русінава, «Белсат»