У Купалаўскім тэатры развіталіся Генадзем Гарбукам


Памяць актора прыйшлі ўшанаваць родныя, сябры, калегі і проста шматлікія прыхільнікі творчасці майстра.

Актор добра вядомы тэатральнай публіцы з роляў у спектаклях «Вечар», «Пінская шляхта», «Людзі на балоце», аматары кіно ведаюць Генадзя Гарбука дзякуючы стужкам «Знак бяды», «Белыя росы», «Чорны замак Альшанскі». Творчую кар’еру артыст распачаў пры канцы пяцідзясятых гадоў у Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, а з шэсцьдзесят другога года Гарбук – на сцэне Купалаўскага тэатру, які і зрабіўся для актора па-сапраўднаму родным.

«Канечне яго ніхто не заменіць у гэтым ансамблі, а хутка ён паедзе да сваіх сяброў на ўсходнія могілкі дзе шмат геніяў купалаўскіх знаходзіцца, яны знаходзяцца ў лепшым свеце. І вось ён далучыцца, на жаль, да гэтай цудоўнай кампаніі», – кажа мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін.

Не зважаючы на медалі ды ўзнагароды Генадзь Гарбук быў простым у зносінах, «дзядзька Генадзь» – называлі мэтра маладзейшыя калегі. Праз стан здароўя апошні год актор амаль не зʼяўляўся ў тэатры, але ягоная папулярнасць, запатрабаванасць сярод гледачоў не змяншалася.

«Глядач увесь час падыходзіў і пытаў ці будзе… На кожным спектаклі ёсць некалькі складаў, ці будзе працаваць Генадзій Міхайлавіч Гарбук? І гэта таксама ўплывала на куплю квіткоў. Людзі хацелі ісці і бачыць менавіта Генадзя Міхайлавіча», – узгадвае гендырэктар Купалаўскага тэатру Павел Палякоў.

«Вакол тэатру канешне многа гледачоў, якія ўспрымаюць яго, як роднага сабе. Таму што гэта такая прафесія якая асабліва, тыя ролі якія ён іграў, яны давалі прыклад жыцця. Царства яму нябеснае», – кажа Галіна Дзягілева з тэатру «Зніч».

Цэлая тэатральная эпоха ўвасобілася ў творчасці народнага артыста. Дакладныя вобразы, глыбінны псіхалагізм персанажаў – Генадзь Гарбук трапна раскрываў на сцэне сутнасць нацыянальнага характару, актор быў самабытным, натуральным у сваіх ролях. Заслужана яго называюць беларускім геніем. У апошні шлях удзячная публіка правяла Генадзя Гарбука развітальнымі апладысментамі.

«Белсат»