У Крамлі хочуць ведаць, што беларусы думаюць пра шчыльны саюз з Расеяй


У Крамлі думаюць пра Беларусь і хочуць ведаць, што беларусы думаюць пра Расею ды шчыльны саюз з ёю. Падчас апытання на адной з менскіх вуліцаў выпадковая суразмоўца на ўмовах ананімнасці распавяла нашай здымачнай групе, што месяц таму расейскі сацыялагічны цэнтр замовіў беларускім даследчым агенцтвам адразу некалькі сацыялагічных апытанняў: адно сярод моладзі, другое, буйнейшае, сярод людзей усіх узростаў, ахоплівае яно ўсе гарады і нават вёскі нашай краіны.

– Гэта нейкія пракрамлёўскія структуры?

– Я думаю, што так. Думаю, так.

– А з якою мэтай яны распытваюць?

– Я думаю, з тою мэтаю, што ў нас, напэўна, плануецца ўсё ж такі ўз’яднанне краінаў.

Гэткі крамлёўскі план не новы. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Калі быў падпісаны яшчэ з Ельцыным дакумент – вялікая саюзная дамова, там і агульная валюта, і канстытуцыйны акт, ужо ўсё было па этапах, літаральна па кроках распісана, як паглынуць Беларусь. І жаданне Масквы не змянілася».

Можа, за чвэрць стагоддзя змяніліся беларусы ды іхнае стаўленне да «старэйшага брата»?

«Калі раней настроі былі – хутчэй бы Расея нас да сябе забрала, – то цяпер ужо такіх настрояў няма».

А якія ёсць? Мы пастанавілі задаць беларусам тое ж пытанне, якое задавалі і расейскія сацыёлагі: у якім саюзе лепш жыць Беларусі?

«Натуральна, Еўразвяз. Бо багатыя краіны».

«І з Літвою, і з Латвіяй, і з Эстоніяй таксама – нашыя добрыя суседзі. І Нямеччына добры сусед, і палякі таксама».

«З Еўразвязам і з Расеяй».

«Украіна, бо яны такія ж, як мы, мова падобная, талерантныя, як мы, паміж сабою. І шмат хто з нашых беларусаў едуць адпачываць ва Украіну, бо там іх прымаюць як сваіх, асабліва калі ты размаўляеш па-беларуску, яны проста свецяцца».

Так думаюць жыхары Менску. Як адзначаюць сацыёлагі, менавіта насельнікі вялікіх гарадоў, адукаваныя і ўпэўненыя ў сваёй будучыні, падтрымліваюць саюз з Еўразвязам. За саюз з Расеяй тыя, хто не можа выжыць без падтрымання дзяржаваю. Сяргей Нікалюк, сацыёлаг, палітолаг:

«Гэтыя людзі падтрымліваюць аўтарытарную ўладу і, канечне, саюз з Расеяй. Яны дакладна разумеюць, што ў іх няма рэсурсаў убудавацца ў еўрапейскае жыццё».

Узровень жыцця і, адпаведна, настроі грамадства мяняюцца, таму расейскія адмыслоўцы манітораць іх рэгулярна. Падобныя апытанні ў чужой дзяржаве Расея актыўна праводзіла перад анексіяй украінскага Крыму. Дзяніс Івашын, журналіст:

«Калі ўзгадаць гібрыдную расейска-ўкраінскую вайну, якая пачалася ў 2014 годзе, то некалькі гадоў да пачатку гэтай вайны, да пачатку сваёй агрэсіі яны збіралі статыстычную інфармацыю. Таксама працавалі цэнтры ва Украіне, і яны ўжо выкарыстоўвалі інфармацыю, каб расхістаць сітуацыю непасрэдна на ўсходзе Украіны».

Ці магчымая ў нас рэалізацыя такога сцэнара? Не ведаем, ці ў апытальніку расейскіх службаў было пытанне, якое мы задалі менчукам: вам важна, каб Беларусь была незалежная?

«Я хачу, каб мы былі рэспублікаю, незалежнаю ні ад каго як у палітычным, гэтак і эканамічным плане. Бо я беларуска і не хачу злівацца ды быць губерняю нейкай іншай дзяржавы».

«Мы асобная дзяржава, але мы з усімі можам сябраваць».

«Можна быць добрымі суседзямі. Але навошта жыць па ўказанні некага?»

«Быць у саюзе – гэта адно, а быць часткаю нейкай іншай краіны, на іх умовах – я не згодны».

Для Беларусі было б добра, каб расейскія сацыёлагі чулі як мага болей такіх меркаванняў. Але дасведчаныя маскоўскія адмыслоўцы ўмеюць задаваць іншыя, патрэбныя ім пытанні і рабіць патрэбныя высновы.

Вольга Старасціна, belsat.eu

Фота: Alexei Druzhinin Russian Presidential Press and Information Office / TASS / FORUM