У Калінкавічах развальваецца шматкватэрны жылы дом


Жыхары Калінкавічаў грукаліся ў дзверы ўсіх мясцовых чыноўнікаў з патрабаваннем развязаць сітуацыю, але адчаіліся. Цяпер, як у апошнюю інстанцыю, яны звярнуліся па дапамогу да журналістаў «Белсату».

2011 год для некаторых жыхароў Калінкавічаў стаўся шчаслівы. Сабраныя грошы, узятыя крэдыты, і вось нарэшце – уласнае жыллё ў новым кааператыўным доме. Але ўжо праз некалькі гадоў тое шчасце пачало разбурацца – разам з падмуркам дому, збягаць са скразнякамі праз шчыліны.

«Узімку ў нас дубак такі, што 16 градусаў толькі. У нас шматдзетная сям’я, у нас чацвёра дзетак, і штогод мы ўкладаем грошы не ў сваіх дзяцей, там, абутак нейкі купіць, курткі, а ў рамонты!», – кажа жыхарка дому па вуліцы Загароднай, 26.

Жыллё ў эксплуатацыі сем гадоў, але ўжо цяпер развальваецца на вачах. Шчыліны шырынёю з далонь цягнуцца на два паверхі, па сценах квітнее цвіль.

«Вокны ў нас чорныя ад цвілі кожны год, намярзае вось такі лёд. І да такой ступені ледзяныя муры, што да іх дакрануцца як руку засунуць у лядоўню», – працягвае жанчына.

Жыхары запрашаюць здымачную групу ў падвал ды ў кватэры, каб паказаць, чаму гэтак часта хварэюць іхныя дзеці.

«Вось тая сцяна ўвогуле ўпала, – працягвае іншы жыхар. – Я ў акно глядзеў, за яе ўзяўся, яна ходарам хадзіла. Я яе сам абабіў, сам патынкаваў».

Падчас шматлікіх рамонтаў, якія жыхары рабілі на ўласныя сродкі, выявіліся хібы будаўніцтва. Між блокамі – вялікія пустэчы, у сценах – будаўнічае смецце, а цэглу можна лёгка выцягнуць рукамі.

«Там проста фасад… Арганізацыя абследуе. Будзе пратакол абследавання, пасля мы зможам сказаць вынікі», – кажа«Белсату» інжынер з Упраўлення капітальнага будаўніцтва Калінкавіцкага раёну. – Зробім усё магчымае, каб ім дапамагчы. Зробім фасад, зашыем шчыліны і пафарбуем».

Але жыхары ўжо не адзін год атрымліваюць гэткія адказы, абіваючы парогі мясцовых чыноўнікаў.

Ва ўпраўленні капітальнага рамонту Калінкавічаў журналістам паабяцалі, што пратакол абследавання дому 26 на вуліцы Загародная будзе складзены цягам месяца. Пакуль жа УКСу, падрадчыку ды выканаўцу будаўнічай арганізацыі – ПМК 43 – давядзецца несці адказнасць, калі раптам на жыхароў абрынуцца сцены.

Таццяна Уласенка