Аб'ектыў 09.05.2017 У ізалятар да Уладзіміра Някляева не пушчаюць медыкаў


Уладзімір Някляеў і ў кнігах, і на Плошчы па-майстэрску выкарыстоўвае слова ды натхняе ім тысячы беларусаў.

Але словы Някляева не падабаюцца тым, хто кіруе краінаю

За арганізацыю гэтай першай сёлета буйной акцыі пратэсту Някляева пакаралі пяццю соднямі арышту, якія палітык цяпер адбывае ў сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Вольга Някляева не хавае свайго хвалявання за мужа

«Я магу папярэдзіць працаўнікоў Акрэсціна, што яму штодзённа патрэбныя пігулкі, каб яму не адмаўлялі ў іх. Таму што без пігулак стан пагоршыцца і можа скончыццца так, як скончылася ў Берасці», – скардзіцца Вольга.

У горадзе над Бугом Някляева з ізалятару часовага ўтрымання мусілі адвезці ў шпіталь з дыягназам гіпертанічны крыз. Прафесійная медычная дапамога спатрэбілася 70-цігадоваму палітыку і ў сталічным ізалятары, але тут працаўнікі адмаўляюцца выклікаць хуткую.

Чаму?

«Разумеючы, што чым яны зробяць горш Някляеву, тым больш яны заробяць зорак, больш магчымасцяў ад уладаў. Самі па сабе гуманныя прынцыпы ці адказнасць перад законам у іх адсутнічае», – кажа дасведчаны ў турэмных справах Андрэй Бандарэнка.

Спадар Бандарэнка ведае сітуацыю ў турмах не з чутак: бо праз помсту ўладаў за ягоную палітычную і праваабарончую дзейнасць двойчы трапляў за краты – за нібыта эканамічнае злачынства ды хуліганства. Пасля апошняга вызвалення мінула крыху больш за месяц.

Ужо на волі блогер Сяргей Пятрухін

Што ў нашай краіне нельга заракацца ад турмы, на ўласным досведзе пераканаўся і вядомы берасцейскі блогер. Сяргей Пятрухін выйшаў на волю пасля 15-цідзённага арышту, прысуджанага за ўдзел у акцыі супраць Дэкрэту № 3.

За сёлетнюю пратэставую вясну, не здзяйсняючы злачынства, за кратамі апынуліся не толькі апазіцыйныя палітыкі ды актывісты, але і дзясяткі дасюль апалітычных людзей розных прафесіяў ды рознага веку.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары