У IT-Беларусі людзі жывуць без электраэнергіі


Беларусь – ІТ-краіна высокіх тэхналогіяў. І адначасова – краіна, дзе ў не самым малым горадзе адключаюць электрычнасць з раніцы да вечара, бо ўлады не здольныя аператыўна выправіць аварыю. І так, магчыма, будзе да канца лета.

Жыхарка Слоніму Таццяна Ляўчук чацвёрты тыдзень вымушаная абыходзіцца без электраэнергіі, якую адключаюць у працоўны час. Жанчына скардзіцца, што жыць у такіх умовах вельмі складана. Немагчыма карыстацца аплочаным інтэрнэтам, «Залай», тэлефонам, нельга ўключыць пральную машыну, чайнік. Але найбольш непакоіць, як гэта адаб’ецца на дарагім электраабсталяванні.

«Лёд. А тут мусіць быць шэрань. Пасля кожнага гэтага размарожвання баюся, што ўсе гэтыя трубачкі паляцяць. І лядоўня таксама паляціць. Вось. Гэта ўсё мая праца. Што я ягаду збірала, расціла, перамывала, апрацоўвала», – распавядае жыхарка вул. Сінічкіна Таццяна Ляўчук.

Замена лініяў электраперадач ідзе на вуліцах Сінічкіна, Зялёнай, Чырвонаармейскай, Школьнай. Усё гэта – старыя вулачкі з прыватнай забудоваю, тут жыве шмат пенсіянераў, якія падчас правядзення працаў – дома. Адсутнасць электрычнасці – адна бяда. Другая – адсутнасць гарачай вады.

«У мяне кацёл і калонка двухконтурныя. І я не магу ўключыць, таму што святла няма, і ўсё. Нічога не магу. Як у даўнейшы час: нагрэў вадзічкі, папраў, памыў. Калі б гэта было тыдзень-два, а як нам сказалі, што да 28 жніўня – гэта вельмі цяжка», – кажа жыхарка вул. Сінічкіна Тамара Кісель.

Лініі замяняюцца згодна са складзенымі графікамі ды праектамі. Замоўцам працаў выступаюць Слонімскія раённыя электрасеткі. Жыхары спрабавалі туды скардзіцца, але дабіцца чалавечага стаўлення не змаглі.

«Мы звярталіся да кіраўніка, ён увогуле не хоча з намі размаўляць. Вось Таццяна хадзіла на прыём, і па тэлефоне, і яны не хочуць казаць, нас адпраўляюць звяртацца ў «белы дом» – гарвыканкам, усе пытанні туды. Да нас ніякіх пытанняў быць не можа», – кажа Тамара Кісель.

Па каментар мы таксама накіраваліся ў «Слонімскія РЭС», аднак ва ўсёй установе не знайшлося ніводнага чалавека, які б пагадзіўся нам патлумачыць сітуацыю.

«Калі якая-небудзь катастрофа здараецца ў свеце, стараюцца як мага хутчэй зрабіць, каб было святло. Тут цэлы месяц нам дакладаюць, што не будзе святла. Дык скажыце, дзе шукаць праўды?», – кажа жыхарка вуліцы Сінічкіна Ірына Адамцэвіч.

«Слонімскія электрасеткі» – частка дзяржаўнага аб’яднання «Белэнерга», якая падпарадкоўваецца Міністэрству энергетыкі і ёсць манапалістам. Уся справаздачнасць – не перад жыхарамі, а перад чыноўнікамі. Няма канкурэнтаў, адпаведна – і стымулу аказваць якасныя паслугі абанентам.

Нязручнасці, якія адчуваюць жыхары, мала каго цікавяць, галоўнае – усё ў межах нормы.

Будаўнікі, якія мантажуюць сеткі, на пытанне, ці можна было б прыдумаць нейкі альтэрнатыўны шлях забеспячэння энергіяй жыхароў, кажуць, што ў гэтым няма патрэбы.

«Кожны абанент, жыхар, у іх падпісаная з электрасеткамі дамова на забеспячэнне электраэнергіяй. Там такія моманты прапісаныя. Калі гэта проста прыватны дом, гэта спажывец трэцяй катэгорыі, дзе дапускаюцца адключэнні электрычнасці тэрмінам да содняў, пры аварыі – на большы час», – кажа майстар БМУ-4 Андрэй Манцэвіч.

За ўвесь гэты час, што ідуць працы, электраэнергію сапраўды не адключылі больш як на содні за адзін раз. Гадзіны ж адсутнасці энергіі за розныя дні ніяк не ссумуюцца. Пра час адключэння электраэнергіі раённыя электрасеткі паведамляюць загадзя, дасылаючы СМС, але людзям ад гэтага не лягчэй.

Вольга Чайчыц belsat.eu