У Горадні ўшанавалі памяць ахвяраў Галакосту


 

Сёння Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. Дата абраная не выпадковая, 27 студзеня 1945 года былі вызваленыя вязні лагеру смерці Аўшвіц. Галакост забраў жыцці 6 мільёнаў габрэяў Еўропы.

Паводле некаторых ацэнак больш за 800 тысячаў габрэяў Беларусі сталі ахвярамі Галакосту. Прадстаўнікі гарадзенскай габрэйскай грамады разам са святарамі розных канфесіяў у Сусветны дзень памяці ахвяраў Галакосту прыйшлі да сімвалічнага ўваходу ў колішняе Гарадзенскае гета.

«Аддаць нашае ўшанаванне габрэям гарадзенскай грамады, якія загінулі ў часы Другой Сусветнай вайны. І якія выжылі, увасабляючы сабой перамогу над гэтым злом як нацызм, як фашызм», – кажа арганізатар Яўген Калодзін.

«Бацька маёй жонкі Захар Захаравіч Тарасевіч, ён сёння знаходзіцца ў Асвенцім. Ён малалетні вязень гэтага канцлагеру. Нягледзячы на хваробу, паехаў туды, бо там загінула ўся яго сям’я. Быў такі кат – доктар Менгеле і ён узяў ягоную сямʼю на эксперыменты. Малы Захар выжыў», – адзначае гісторык Міхаіл Жураўкоў.

Пра трагедыю Аўшвіцу і падобных лагераў смерці казаў сёння і дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан, які перабывае з двухдзённым візітам у польскай сталіцы.

«Гэта нам напамін, што мы ніколі не можам быць абыякавымі да твару зла. Заходнія саюзнікі, якія выйшлі з Другой Сусветнай вайны ўзялі на сябе абавязак забяспечыць бяспеку для ўсіх, каб такая трагедыя ніколі не паўтарылася», – заявіў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Толькі ў крэматорыі Аўшвіцу забілі мільён чатырыста тысячаў чалавек. Кожны з вязняў Аўшвіцу меў на целе вытатуяваны нумар.

Цяпер Аўшвіц штогод наведваюць мільёны турыстаў, большасць з іх моладзь, каб ведаць праўду пра Галакост і памятаць, што зло можа вярнуцца, калі пра яго забыць.

Наста Ільіна, «Белсат»