У Горадні ў чаканні Лукашэнкі стварылі фантомны квартал


У Горадні паўстаў цэлы фантомны квартал. Гістарычныя будынкі, якія насуперак пратэстам гісторыкаў і грамадскасці мясцовыя ўлады меліся знесці, атрымалі новае жыццё дзякуючы… візіту Аляксандра Лукашэнкі 19 кастрычніка. Старадаўнія будынкі ў аварыйным стане пафарбавалі, памянялі вокны, але ці ёсць сэнс у гэткім рамонце?

Звонку свежа адрамантаваная, але на практыцы – небяспечная зона, бо будынак – у аварыйным стане. Для сям’і гісторыка Таццяны Касатай-Герасюк, як і для шмат якіх турыстаў ды мясцовых жыхароў, Новы свет – упадабанае месца для шпацыру:

«Калі грошы на фарбу зʼявіліся, калі ёсць грошы на працу людзей, якія там задзейнічаныя, то чаму не з’явіліся грошы на мінімальную кансервацыю будынкаў?»

Будынкі на вуліцы Горкага належаць да гістарычнага раёну Новы свет. У даваенны перыяд тут жыла эліта гораду і выбітныя прадстаўнікі розных этнічных культураў: захаваліся дамы інжынера Высоцкага і доктара Беклямішава. Для гарадскога бюджэту будынкі танней знесці, чым рэканструяваць. Але восеньскі візіт Лукашэнкі ўмяшаўся ў планы.

Жыхары Горадні:

«Каб паказаць вонкавы выгляд больш-менш дастойна».

«Навошта іх фарбаваць? Тады іх трэба цалкам рэканструяваць ці зносіць».

«Смешна нават казаць, навошта іх фарбаваць?»

Марафет перад прыездам Лукашэнкі ўжо стаўся традыцыяй. Гэтак да прыезду першай асобы рыхтаваліся ў Гомлі летась у Буда-Кашалёве марафет скончыўся трагедыяй – работнік падчас будаўнічых працаў разбіўся аб бетонную пліту.

І нават калі толькі міма праязджае, то раённы кіраўнік рыхтуе такі дакумент захадаў, дзе можа быць да 170-ці пунктаў – ад пакосаў травы да зносу закінутых дамоў.

У Горадні пастанавілі пакуль пафарбаваць. За бюджэтныя сродкі, якія маглі пайсці на рэальны, а не фэйкавы рамонт гістарычных будынкаў.

Дзмітрый Маркушэўскі, Цэнтр SYMPA:

«Фармальна, гэта ўсё-ткі мэтавае выкарыстанне, гэта можна назваць добраўпарадкаванне гораду ці вёскі. Але зноў-такі, добраўпарадкаванне мусіць быць у інтарэсах мясцовых жыхароў, і ў іх пытацца, што трэба рабіць, дзе адрамантаваць дарогу ці дом».

А найсмешней будзе ў выпадку, калі Лукашэнка зменіць маршрут ці наагул перанясе прыезд у Горадню. Так ужо здаралася месяц таму, калі стала ясна, што рэканструкцыю трасы Менск – Горадня не завершаць своечасова.

Алесь Залеўскі, belsat.eu