Аб'ектыў 13.10.2017 У Горадні паказалі як забівалі людзей у Курапатах


Курапаты – самае вялікае месца масавых расстрэлаў у Беларусі. У часы сталінскіх рэпрэсіяў тут было забіта да 300 тысячаў чалавек. Факты і сведчанні пра крывавыя падзеі – першым на якія праліў свет Зянон Пазняк, – збіраліся дзесяцігоддзямі і склалі экспазіцыю дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты».

Цяпер пабачыць экспазіцыю можна і ў Горадні.

«Мы ўзялі на сябе задачу працягнуць тое, што рабіў Зянон Станіслававіч. І галоўнае, я думаю, зрабілі, праўда, трэба, каб археалагічныя раскопкі пацвердзілі нашыя высновы, мы зрабілі, разгарнулі і даказалі (вось тут на стэндзе якраз) гістарычную тапаграфію Курапат», – дзеліцца Марат Гаравы, стваральнік выставы.

Стваральнікам атрымалася дэталёва ўсталяваць, як выглядала месца забойстваў, і дакладна вызначыць працягласць «дарогі смерці» – ад унутранай турмы ў будынку НКВД да растральных ямаў – 10 тысяч 555 метраў. І ўсё – праз сведчанні людзей, што жылі за драўляным плотам, якім была аддзеленая зона расстрэлаў.

У справе Курапатаў апыталі больш за 200 сведкаў

«Старыя людзі, якім па 90 па 80 гадоў ужо, але яны былі сведкамі гэтых масавых рэпрэсіяў. Яны бачылі, нават, якіх іх расстрэльвалі, як прывозілі машыны дзённа і ночна», – звяртае ўвагу Генадзь Драздоў, мастак і стваральнік выставы.

Шмат якія таямніцы засталіся і дагэтуль: закрытыя для грамадства імёны рэпрэсаваных. Дакладна атрымалася ўсталяваць асобы пяці ахвяраў. Бо КДБ Беларусі, у архівах якога захоўваюцца асабістыя справы рэпрэсаваных, надалей хавае праўду за сям’ю пячаткамі.

Сярод планаў аўтараў экспазіцыі – дапамагчы пераасэнсаваць падзеі тых часоў жыхарам яшчэ 13-ці гарадоў. У іх ліку – Кіеў і Варшава. У Горадні выстава працуе да 26-га кастрычніка.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары