Аб'ектыў 09.04.2018 У Горадні хочуць знесці раён, дзе жыў Максім Багдановіч


Гарадзенцы хвалююцца за лёс Новага Свету – гістарычнага раёну ў цэнтры гораду з драўлянаю забудоваю ў стылі канструктывізму. Старыя будынкі сапраўды ў крытычным стане. Але ці знос іх – гэта адзіна магчымае выйсце? Ці змогуць мастацкія ды эстэтычныя каштоўнасці супрацьстаяць грэйдару ды кароткай гістарычнай памяці чыноўнікаў?

Новы Свет – частка Горадні, дзе некалі жылі Максім Багдановіч, Рыгор Шырма ды іншыя славутыя асобы. Найбліжэйшым часам у рамках месячніка для навядзення парадку чыноўнікі збіраюцца зруйнаваць старыя мясцовыя будынкі.

Намеснік кіраўніка Гарадзенскага гарвыканкаму Андрэй Жук заявіў, што горад трэба ачысціць ад старых збудаванняў нягеглага віду.

«Знос будзе праводзіцца там, дзе згодна з генпланам будаўніцтва жытла не прадугледжваецца», – сказаў Жук.

Краязнаўцы і гісторыкі б’юць трывогу. Пяць гадоў таму яны спрабавалі занесці некаторыя дамы на вуліцы Міцкевіча ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў, але марна.

«Дом пад нумарам 7 мае цудоўныя шыкоўныя ліштвы – абрамленне вокнаў – якія вельмі добра захаваліся да нашага часу, а па-другое, мае каштоўнасць і мастацкую, эстэтычную», – кажа гісторык Таццяна Касатая.

Між тым, насельнікаў драўляных дамоў пад нумарамі 1, 7 і 9 шэсць гадоў як перасялілі. Засталася толькі адна жыхарка, якая жыве ў прыватызаванай прыбудове пад нумарам 7а.

Як іранізуе сама спадарыня Антаніна, засталася вартаваць пакінутыя дамы ад канчатковага знішчэння.

«Асабліва на святы кепска – усе гуляюць у парку, усе сюды – і паўсюль гэты бамжатнік. Ідуць: ламаюць, б’юць. Старажую, хоць ніхто не даручаў», – кажа спадарыня Антаніна.

Стан наваколля сапраўды непрыглядны. Але ці гэта сапраўды прычына для таго, каб усё зруйнаваць? Краязнавец Алесь Госцеў перакананы: чыноўнікі абралі няправільны шлях.

«Спецыяльна даводзяць да такога стану, а потым кажуць – усё, гэта трэба знішчыць, інакш яно ўжо б усё роўна развалілася. Тут трэба глядзець цэласна, як гэта ўсё паўплывае на агульны воблік канкрэтнага куточка», – кажа Госцеў.

Між тым, у Гарадзенскім гарвыканкаме паведамілі, што афіцыйнага загаду на паперы наконт зносу кожнага канкрэтнага дому яшчэ няма.

«Я рашэння выканкаму аб зносе гэтых дамоў не бачыла. Пакуль што такое рашэнне не прынятае, то бок, мы яшчэ дыскутуем пра знос», – сказала «Белсату» па тэлефоне Вольга Барэйка з управы архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Вось толькі грамадскага абмеркавання ў гэтай дыскусіі не прадугледжваецца.

Вітаўт Сіўчык; фота – dzen.by

Глядзі таксама
Каментары